Уночы ўкраінскія дроны атакавалі трэці паводле магутнасці НПЗ Расеі


Украінскія беспілотнікі працягваюць атакаваць нафтаперапрацоўчыя заводы на тэрыторыі Расеі. Гэтым разам быў атакаваны НПЗ у Разанскай вобласці – трэці паводле магутнасці ў РФ.

Разанскі НПЗ.
Фота: svtk44. / Wikimedia

У Міністэрстве абароны Расеі адзначылі, што ў ноч на 1 траўня дзяжурныя сродкі паветранай абароны знішчылі і перахапілі шэсць украінскіх беспілотных лятальных апаратаў, з якіх тры – над тэрыторыяй Варонежскай вобласці, адзін – над тэрыторыяй Разанскай вобласці, адзін – над тэрыторыяй Белгародскай вобласці, адзін – над тэрыторыяй Курскай вобласці.

Атакаваны Разанскі НПЗ

Губернатар Павел Малкоў пацвердзіў, што Разанскі рэгіён быў атакаваны беспілотнікам: паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма.

Тым часам тэлеграм-канал «Baza» піша, што беспілотнікі атакавалі Разанскі НПЗ. Паводле відавочцаў, атака адбылася каля 3:00. Быў чуваць гул, а потым адбыліся два выбухі. Пачаўся пажар. Цяпер на нафтаперапрацоўчым заводзе працуюць работнікі аператыўных службаў. Афіцыйнага пацверджання пакуль няма.

Разанскі НПЗ – трэці паводле магутнасці сярод расейскіх НПЗ, ён можа перапрацоўваць больш як 17 мільёнаў тонаў нафты за год.

Пашкоджаная ЛЭП

Кіраўнік Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што дроны атакавалі сяло Шчацінаўку Белгародскага раёну. Ніхто з мірных жыхароў не пацярпеў. У выніку падзення FPV-дрона пашкоджаны дах у адным прыватным жылым доме, а таксама электралінія – жыхары адной з вуліцаў засталіся без святла. Аварыйныя службы пачнуць ліквідацыю наступстваў.

Губернатар Варонежскай вобласці Аляксандр Гусеў піша ў сваім тэлеграм-канале, што над тэрыторыяй рэгіёну былі збітыя тры дроны, у тым ліку адзін у прадмесці Варонежу. У выніку падзення абломкаў у трох прыватных дамах пашкоджаныя шыбы, фасады, платы, дзверы.

У Курскай вобласці ўкраінскі БПЛА збілі ў Медзвенскім раёне, паведаміў губернатар Раман Старавойт.

У сакавіку Расея павялічыла імпарт нафтапрадуктаў з Беларусі, каб зліквідаваць рызыку дэфіцыту на ўнутраным рынку праз пазапланавыя рамонты на расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах пасля нападаў беспілотнікаў. Пры гэтым эксперты не чакаюць атак на беларускія НПЗ.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў