Дабравольскі пра справу «аналітыкаў Ціханоўскай»: «Не ўсе мне былі знаёмыя, гэта абсурд»


Генпракуратура накіравала ў Вярхоўны Суд для вызначэння падсуднасці крымінальную справу супраць «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай». Адзін з фігурантаў справы, старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі лічыць, што гэта ўсё ад страху рэжыму, і раіць выканальнікам злачынных загадаў падумаць пра будучыню.

Александр Добровольский, конференция «Новая Беларусь», демократические силы, Вильнюс, Литва
Аляксандр Дабравольскі, дарадца Святланы Ціханоўскай і сябра КР, на канферэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» у Вільні, Літва. 8 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Рэжым вельмі баіцца таго, што будзе нейкая крытыка ці непрыняцце з боку грамадства. Хаця рэжым ужо даўно грамадства правяраў – людзі не падтрымалі Лукашэнкі. І тыя, хто ёсць экспертамі, аналітыкамі, для рэжыму небяспечныя», – сказаў Аляксандр Дабравольскі «Белсату».

Ён адзначыў, што ніякага аб’яднання экспертаў у «аналітыкаў Ціханоўскай» не было.

«Людзі, якія праходзяць у гэтай справе, не ўсе мне былі знаёмыя да пачатку гэтай справы. З некаторымі я быў знаёмы, з некаторымі сустракаўся, пра некаторых чуў, але ўсё гэта штучнае ўтварэнне. Насамрэч гэта пераслед за меркаванне, за тое, што хтосьці штосьці з кімсьці абмяркоўваў. Вядома, пра сумленне людзей, якія пачалі гэтую справу, і гаворкі ніякай няма», – працягнуў Аляксандр Дабравольскі.

Суразмоўца лічыць бязглуздзіцай, што сілавікі самі прыдумалі нейкае фармаванне і самі прызналі яго экстрэмісцкім.

«Гэта абсурд, калі кіравацца логікай. Калі разумець, што ёсць чалавек, які лічыць сябе вышэйшым за грамадства, вышэйшым за дзяржаву, лічыць усіх (і дзяржаву ў тым ліку) сваёй уласнасцю, то проста ясна, што такім людзям законы не пісаныя.

Проста хачу сказаць, што тыя, хто выконваюць абсалютна незаконныя, злачынныя загады, таксама павінны разумець, што адбываецца. Калі яны не могуць сабе ўявіць будучыні без Лукашэнкі, тады я разумею. А калі могуць, то няхай падумаюць, таму што гэта не проста парушэнне законаў, Канстытуцыі. Пераслед людзей за меркаванне – гэта крымінальнае злачынства.

Што да таго, які можа быць вынік, – цяпер не да законаў у Беларусі, правы людзей не абароненыя. У бяспецы сябе не могуць утрымаць нават тыя, хто ёсць прыхільнікамі Лукашэнкі, – кожны ў падобнай сітуацыі можа назаўтра апынуцца», – падкрэсліў Дабравольскі.

У справе «аналітыкаў Ціханоўскай» праходзяць 20 чалавек. Гэта Аляксандр Дабравольскі, Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Юрый Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пёрт Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык, Кацярына Шмаціна.

Усіх абвінавачваюць у здзяйсненні «злачынстваў экстрэмісцкага характару» ў сувязі з кампаніяй прэзідэнцкіх выбараў, а таксама ў постэлектаральны перыяд. На кожнага завялі па пяць крымінальных справаў, у тым ліку нібыта за змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам і спрыянне ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады.

Каментар
«Аналітыкі Ціханоўскай». Ці закрыты гэта спіс?
2024.01.25 18:43

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў