Цырымонія ўзнагароджання пераможцы прэміі за найлепшую кніжную вокладку імя Міхала Анемпадыстава


Беларускі ПЭН разам з тэлеканалам «Белсат» і Музеем вольнай Беларусі запрашаюць на цырымонію ўзнагароджання пераможцы прэміі Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку.

Графіка «Белсат»

Цырымонія адбудзецца 7 траўня ў Варшаве, у Музеі вольнай Беларусі. Разам мы даведаемся аўтара ці аўтарку найлепшай вокладкі для кнігі, выдадзенай у 2022 годзе. Адмысловы госць – Лявон Вольскі з песнямі на вершы Міхала Анемпадыстава.

Даведка

Калі: 07.05.2024, а 18:00. Дзе: Варшава, вул. Фоксаль, 11 (Foksal, 11), Музей вольнай Беларусі. Уваход вольны.

Прэмія заснаваная ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека шматлікіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця шэсць гадоў таму. Апошні раз прэмія ўручалася ў 2022 годзе. Гэта быў першы год, калі цырымонія праходзіла не ў Беларусі. Пераможцам тады стаўся дызайнер Анатоль Лазар, які стварыў вокладку кнігі «(Не)расстраляныя» пра беларускіх культурных дзеячаў – ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Сёлета да фінальнага этапу прэміі дайшло восем вокладак, абраных у кароткі спіс прафесійным журы:

  • выдавецтва «Вясна» – вокладка кнігі Альгерда Бахарэвіча «Вершы»;
  • Анатоль Лазар – вокладка кнігі Янкі Купалы «Выбранае»;
  • Анатоль Лазар – вокладка кнігі Васіля Быкава «Знак бяды»;
  • Яна Галушкіна, «VEHA» – вокладка кнігі «VEHA» «Людзі лесу / Ludzi lesu»;
  • Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Ганны Комар «Мы вернемся»;
  • Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»;
  • Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Макса Шчура «Там, дзе нас няма»;
  • Юлія Лар’янава, Таня Скарынкіна – вокладка кнігі Тані Скарынкінай «YESМАМОЧКА».
Фільмы
Простыя словы пра Міхала Анемпадыстава
2023.05.10 13:02

belsat.eu

Стужка навінаў