У Тбілісі паліцыя выкарыстала супраць пратэстоўцаў вадамёты, гумовыя кулі і слезацечны газ


Спрабуючы разагнаць акцыю пратэсту супраць закону аб замежных агентах, паліцыя каля будынку парламенту ў Тбілісі выкарыстала спецсродкі.

Выданне NGnewsgeorgia паведамляе, што спачатку паліцыя ўжыла супраць дэманстрантаў пярцовы газ, пацярпелі дзясяткі людзей. Пратэстоўцаў спрабавалі сілай адціснуць ад уваходаў у будынак парламенту. Перыядычна паміж удзельнікамі акцыі і супрацоўнікамі МУС адбываліся сутычкі.

Пазней сітуацыя абвастрылася. У сілавікоў паляцелі пустыя пластмасавыя бутэлькі. Слоўная сварка перарасла спачатку ў штурханіну, а затым у сутыкненні. Пачаліся затрыманні.

Пасля таго як паліцыя падцягнула дадатковыя сілы да парламенту супраць дэманстрантаў былі выкарыстаны вадамёты, капсулы са слезацечным газам і гумовыя кулі.

У МУС Грузіі заявілі, што пратэсты на праспекце Руставелі ў раёне будынку парламенту выйшлі за рамкі, устаноўленыя законам, і прынялі гвалтоўны характар. Сцвярджаецца, што ўдзельнікі акцыі супрацьстаялі праваахоўнікам словамі і фізічна, а таксама кідалі ў іх бок розныя прадметы. «У мэтах аднаўлення правапарадку супрацоўнікі МУС выкарысталі спецыяльныя сродкі, устаноўленыя законам», – гаворыцца ў заяве ведамства.

Аднак акцыя на гэтым не была скончана. Telegram-каналы паведамляюць, што пратэстоўцы неўзабаве пачалі вяртацца на праспект Руставэлі, на праезнай частцы з’явіліся першыя барыкады.

Нагадаем, спрэчны закон «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» у Грузіі з’яўляецца аналагам расейскага закона аб «замежных агентах». Грузінская апазіцыя рэзка крытыкуе дакумент. Яна абвінавачвае кіруючую партыю ў працы на Расею і сцвярджае, што законапраект падрыхтаваны ў Маскве.

Hавiны
У розных гарадах Грузіі пройдуць жаночыя маршы супраць закону аб замежных агентах
2024.04.20 12:34

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў