Сенат ЗША забараніў імпарт урану з Расеі. Летась ён прынёс Крамлю 1,2 мільярда долараў


Сенат ЗША ўхваліў законапраект, які прадугледжвае забарону на імпарт у Злучаныя Штаты нізкаўзбагачанага ўрану, што выкарыстоўваецца ў якасці паліва для вытворчасці электраэнергіі атамнымі электрастанцыямі.

Сенат ЗША.
Фота: 1tv.ge

Забарона на імпарт нізкаўзбагачанага ўрану, вырабленага ў Расеі або зарэгістраваным у краіне прадпрыемствам, уводзіцца да 2040 года. Аднак да студзеня 2028 года Мінэнерга ЗША пасля ўзгаднення з дзяржсакратаром і міністрам фінансаў зможа выдаваць дазволы на імпарт, калі няма іншых крыніц паставак.

Законапраект быў ухвалены Палатай прадстаўнікоў у снежні ў 2023 года. Чакаецца, што новы закон набудзе моц у бліжэйшы час пасля падпісання яго прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам.

Ініцыятары законапраекту віталі гэтае рашэнне як прыкмету гатовасці ЗША гарантаваць сваю энергетычную бяспеку і пазбавіць Крэмль сродкаў на вядзенне вайны ва Украіне.

«Наш закон дапаможа паменшыць фінансаванне расейскай ваеннай машыны, ажывіць амерыканскую вытворчасць урану і стымуляваць інвестыцыі ў сістэму паставак ядравага паліва», – заявіў сенатар Джон Бараса, перадае радыё «Свобода».

Паводле яго, у ЗША дастаткова запасаў урану, каб цалкам адмовіцца ад імпарту з РФ урану.

«Ухваліўшы заканадаўства, мы зрабілі важны крок, які дапаможа пакласці канец кантролю Расеі над глабальнай сістэмай паставак ядравага паліва», – падкрэсліў сенатар Джым Рыш.

Продаж урану Злучаным Штатам прынёс Расеі летась 1,2 мільярда долараў, на 43 % больш, чым годам раней. За апошні год цэны ўрану ў свеце ўзняліся на 70 %. ЗША атрымліваюць з РФ каля 20 % урану, што выкарыстоўваецца ў якасці паліва для АЭС.

Нагадаем, што Канада недазабараніла імпарт тытану з Расеі. Эмбарга на завоз металу было ўведзенае ў лютым сёлета, аднак цяпер урад дазволіў кампаніі «Airbus» купляць расейскі тытан. Гэта растлумачылі тым, што пастанова «забяспечыць гнуткасць» канадскім заводам вытворцы самалётаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў