Украіна запатрабавала адхіліць беларускіх і расейскіх весляроў ад алімпійскай кваліфікацыі


Украіна запатрабавала ад Міжнароднага алімпійскага камітэту і Міжнароднай федэрацыі каноэ адхіліць беларускіх і расейскіх весляроў ад кваліфікацыі на Гульні, паведамляе Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны. Спаборніцтвы адбудуцца ў Вугоршчыне 8–9 траўня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: canoegoodwillcup.ru

У лісце кіраўніцтву МАК і Міжнароднай федэрацыі каноэ адзначаецца, што каманды-двойкі весляроў з Беларусі і Расеі пусцілі на алімпійскую кваліфікацыю, хаця «рэкамендацыі Міжнароднага алімпійскага камітэту выразна вызначаюць, што каманды атлетаў з расейскім або беларускім пашпартам не могуць быць дапушчаныя».

«У іншых відах спорту ўдзел камандаў (дуэтаў у артыстычным плаванні або экіпажаў – пар, чацвёрак – у веславанні) не дазваляецца», – падкрэсліваецца ў лісце.

Hавiны
Устрымацца ад кантактаў. НАК Украіны сказаў спартоўцам, як паводзіцца з беларусамі на Алімпіядзе
2024.05.02 17:18

Такім чынам, рэкамендацыі МАК былі «груба парушаныя», упэўненыя ўкраінскія спартовыя функцыянеры.

«Нязменнай застаецца пазіцыя Украіны, што ва ўмовах беспрэцэдэнтнай жорсткай вайсковай агрэсіі Расейскай Федэрацыі пры падтрыманні Рэспублікі Беларусь супраць Украіны прадстаўнікі дзяржаваў-агрэсараў не маюць права прысутнічаць на міжнародных спартыўных арэнах ні ў якой якасці», – падсумоўваецца ў звароце.

Гэты ліст падпісалі прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Украіны, міністр моладзі і спорту ды кіраўнік Федэрацыі каноэ Украіны.

Кваліфікацыйныя спаборніцтвы весляроў пройдуць у Вугоршчыне 8–9 траўня. Там маюць выступіць, не лічачы адзіночак, беларускія экіпажы Марыя Каваленка і Вераніка Леанюк, Ангеліна Барданоўская і Вольга Клімава, Уладзіслаў Кравец і Дзмітрый Натынчык, Віталь Асецкі і Уладзіслаў Палешка.

У лісце Украіны з іх згадваюцца толькі Каваленка, Леанюк, Кравец і Натынчык.

Hавiны
Без сцягу, гімну і параду. У МАК распавялі, як Беларусь і РФ выступяць на Алімпіядзе
2024.03.19 20:25

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў