«Вымятайцеся, паразіты». Яшчэ адну беларуску ў Польшчы тэрарызуе фірма, якая займаецца гвалтоўным высяленнем


Надоечы мы пісалі пра Таццяну Рыскову, якую гаспадыня ейнай здымнай кватэры ў Польшчы спрабуе гвалтоўна выселіць з дапамогаю фірмы гэтак званых эксмітараў. Мы знайшлі яшчэ адну беларуску, якая сутыкнулася з такою сітуацыяй. Апавядаем ейную гісторыю і прыводзім парады юрысткі адносна таго, што рабіць, калі вас незаконна высяляюць.

Гісторыі
«Вывезу ў Беларусь, будзеш з турмы пісаць свае лісты». Беларусаў у Польшчы гвалтоўна высяляюць з дому
2024.04.04 16:09

«Усё ішло так гладка, што гэта мяне здзівіла»

Ірына (імя змененае з меркаванняў бяспекі) жыве ў Польшчы з 2016 года, дзе нарадзіла чацвярых дзяцей. Агулам у беларускі шасцёра дзяцей: старэйшаму – 19 гадоў, малодшаму – два. З бацькам дзяцей, украінцам, жанчына разышлася, пасля чаго ўпершыню сутыкнулася з гвалтоўным высяленнем:

«Мы жылі ў кватэры, якую майму партнёру здаў ягоны дырэктар, яна належала ягонай цешчы. Дамова была толькі вусная. Калі мы разышліся з партнёрам увосень 2021 года, ён з’ехаў ва Украіну, а мы з дзецьмі паехалі ў Беларусь. Калі вярнуліся, аказалася, што гаспадыня кватэры перавезла ўсе нашыя рэчы ў гатэль».

Праз некаторы час Ірына знайшла кватэру, у якой жыве цяпер. Кажа, шукаць жытло з такою вялікаю сям’ёй, як у яе, – вельмі няпростае заданне. На той момант у беларускі было пяцёра дзяцей, шостым была цяжарная. Тым не менш знайшоўся варыянт, дзе гаспадыня была гатовая падпісаць бестэрміновую дамову.

«Гаворкі пра аказіянальную дамову не было. Яна ўпісала ўсіх дзяцей, усё ішло так гладка, што гэта мяне здзівіла, і я нават перапытвала ў гаспадыні, ці дакладна гэта ейная кватэра, – згадвае суразмоўца. – Потым я падумала, можа, яна, першы раз здае, таму ў яе няма страхаў, як у большасці іншых. Мы падпісалі дамову, я заплаціла каўцыю, зрабіла рэгістрацыю сабе і дзецям у гэтай кватэры. У лютым 2022 года нарадзіўся малодшы сын, і мы з гаспадыняй падпісалі дадатковае пагадненне, яна ўпісала немаўля ў дамову».

«Гаспадыня сабрала нашыя рэчы і занесла на паддашша»

У траўні 2022 года Ірыне паднялі кошт арэнды. А ў чэрвені гаспадыня кватэры раптоўна сказала, што хоча, каб беларуска з дзецьмі з’ехала.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палац культуры і навукі ў цэнтры Варшавы, Польшча. 8 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Я ёй тады нагадала, што падчас заключэння дамовы папярэджвала, што кватэра мне патрэбная на доўгі тэрмін, а яна ў сваю чаргу сцвярджала, што жытло ёй не спатрэбіцца на працягу пяці гадоў. Мы тады дамовіліся, што мы яшчэ пажывём, але напружанне ўсё роўна ўзнікла», – апавядае Ірына.

Гаспадыня кватэры вярнулася да тэмы пра ад’езд сям’і праз год, у чэрвені 2023-га, і гэтым разам, паводле беларускі, паводзіла сябе агрэсіўна і настойвала на высяленні. Ірына тлумачыла, што якраз у траўні падала заяву на камунальную кватэру ад гораду, цяпер чакае рашэння і з’едзе адразу, як ёй дадуць жытло.

Напярэдадні Новага года Ірына з дзецьмі зноў паехала ў Беларусь:

«І калі нас не было, гаспадыня зайшла ў кватэру, сабрала з шафаў усе нашыя рэчы і вынесла іх на паддашша, а ў дзвярах змяніла замкі, даслала мне відэазапіс з маймі рэчамі ў пакетах. Я сарвалася і 28 снежня прыехала назад у Польшчу. Так, нашыя рэчы былі на паддашшы, але ў кватэры заставалася мэбля, тэхніка, посуд, пасцельная бялізна, якія я купляла. Калі я прыехала, дзверы мне ніхто не адчыніў і забраць рэчы не дазволіў».

Беларуска звярнулася ў паліцыю, дзе ёй сказалі, што нічым не могуць дапамагчы: у кватэры – ейная ўласніца. Ад адчаю Ірына набыла драбіны і залезла на гаўбец (кватэра на другім паверсе) і так трапіла ў памяшканне, дзе былі гаспадыня з сяброўкаю.

«Яна адразу ж выклікала паліцыю. Калі яны прыехалі, спачатку абвінавачвалі мяне, казалі, што я ўварвалася ў жытло, але пасля вывучэння дакументаў пастанавілі, што гэта гаспадыня з сяброўкаю мусяць выйсці, а мы з дзецьмі – застацца», – апавядае суразмоўца.

«Паглядзела ў тэлебачанні, што ўкраінцам і беларусам трэба дапамагаць»

Ірына забрала рэчы з паддашша і сцвярджае, што не знайшла там 6600 еўраў, якія ў яе ляжалі ў шафе:

«Гэтыя грошы – усё, што ў мяне было, я пакідала іх на выпадак, калі давядзецца шукаць іншую кватэру ці набываць неабходныя рэчы ў камунальную. Гаспадыня, вядома, не прызнаецца, што забрала іх у мяне. Нават казала, маўляў, адкуль у цябе, галечы, такія грошы. У паліцыі кажуць, няма доказаў, што грошы былі. З дакументаў у мяне ёсць толькі выпіска з банку, што я здымала гэтую суму з карткі, і сведчанне сына, але паліцыя гэтага не прымае».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цэнтральны вакзал, Варшава, Польшча. 8 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Ірына з дзецьмі засталася ў кватэры ў чаканні камунальнага жытла ад гораду. Калі пачала разбірацца ў сітуацыі, высветліла, што жанчына, якая назвалася гаспадыняю кватэры і напісала гэта ў дамове, насамрэч ёю не ёсць. Аказалася, што кватэру ейная маці здымае ў таварыства ўласнікаў (Międzygminne Towarzystwo Budownictwa Społecznego), то бок гэтая кватэра – сацыяльнае жытло.

«Атрымліваецца, яны не мелі права здаваць гэтай кватэры, а пытаннем з маім высяленнем цяпер мусіць займацца таварыства ўласнікаў, а перад гэтым разарваць дамову з гэтаю жанчынай. Я звярнулася да дырэктара таварыства, але размовы не атрымалася. Ён таксама мне пачаў пагражаць, і не толькі высяленнем, але і тым, што мне анулююць дазвол на перабыванне ў Польшчы», – кажа Ірына.

Несапраўдная гаспадыня працягвае паводзіць сябе з беларускаю даволі агрэсіўна і настойвае, каб тая выселілася:

«Яна нават казала паліцыі, што ніякай дамовы не было, што яна пусціла мяне жыць з душэўнай дабрыні, бо паглядзела ў тэлебачанні, што беларусам і ўкраінцам трэба дапамагаць. Цікава, больш за 54 тысячы злотых, якія я ёй перавяла на рахунак за два гады, – гэта таксама з душэўнай дабрыні?»

«Прыехаў мужчына «Mercedes’ам» і пачаў калаціць нагамі ў дзверы»

Праз некаторы час пасля інцыдэнту са спробаю высялення паліцыя даслала жанчыне паведамленне пра тое, што справа закрытая праз нястачу доказаў, а да сітуацыі падключылася фірма «Exmiter», прадстаўнікі якой тэрарызуюць Таццяну Рыскову.

«Спачатку мне патэлефанавала нейкая дзяўчына. Вельмі ветліва размаўляла, пыталася, чаму я не магу выехаць з кватэры. Я казала, што ў мяне скралі ўсе мае грошы, што мне цяпер трэба іх зарабіць, – распавядае Ірына. – У адказ яна мне прапанавала фінансавую дапамогу і пошук кватэры, пыталася, якога памеру мне патрэбнае жытло. Не разумею, навошта ім за свой кошт мяне высяляць. Але пагаджацца на гэта я не буду, каб потым не было дадатковых праблемаў».

Праз некаторы час паводзіны эксмітараў сталі больш агрэсіўнымі.

«Спачатку былі паведамленні, а потым прыехаў мужчына «Mercedes’ам» і пачаў калаціць нагамі і кулакамі ў дзверы, – згадвае Ірына. – Потым пачуў, што я тэлефаную ў паліцыю, пабег да машыны і з’ехаў, крычаў яшчэ «вымятайцеся, паразіты».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі глядзяць на Замкавую плошчу і Каралеўскі замак з аглядальнай пляцоўкі. Варшава, Польшча. 6 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Пасля гэтага інцыдэнту Ірына атрымала ад эксмітараў паведамленні: паколькі яна не ідзе на кантакт, тыя будуць лічыць, што беларуска пакінула кватэру, і зойдуць у яе разам з гаспадыняю 2 траўня.

Ірына яшчэ раз пайшла ў паліцыю, і гэтым разам яе выслухалі ды прынялі заяву пра пераслед:

«Яны мне сказалі, што калі першы раз прыехалі, не паверылі мне, думалі, што я хлушу, але потым, калі пагутарылі з «гаспадыняю», разабраліся ў тым, хто ёсць хто і што яна дае хлуслівыя сведчанні, а гэта вельмі сур’ёзна. Я папрасіла ў іх забарону на набліжэнне да мяне «гаспадыні» кватэры і эксмітараў, і, хутчэй за ўсё, яна будзе. Напэўна, гэтая жанчына, у якой я зняла кватэру, думала, што калі я беларуска, то ва ўразлівым становішчы і не змагу пазмагацца за сябе, але яна памылілася».

Курсы зваршчыка і пошук працы з двухгадовым дзіцём

Ірына думае вярнуцца ў Беларусь, дзе ў яе ёсць кватэра, аднак не хоча паддаваць стрэсу дзяцей:

«У мяне дачка сёлета скончыць 8-ы клас, яна хоча потым тут паступаць у тэхнікум, я не думаю, што везці яе цяпер у Беларусь – добрае рашэнне».

Старэйшы сын – інвалід слыху, некалі яму выдалялі пухліну ў вуху, цяпер жанчына займаецца афармленнем інваліднасці ў Польшчы. Спадзяецца, што гэта таксама паскорыць атрыманне камунальнага жытла.

Самага малодшага, якому два гады, Ірына надоечы аддавала ў яслі, каб мець магчымасць працаваць. Жанчына скончыла навучанне на зваршчыка і хацела ўладкавацца на завод у Плоцку:

«Першае, з чым я там сутыкнулася, – што яны не прымаюць на працоўную дамову, а толькі праз агенцтва. Я аформілася так, мне паабяцалі, што ў мяне будзе графік з 6-й раніцы да 14-й гадзіны, бо вечаровыя і начныя змены мне не пасуюць. Аднак на прадпрыемстве мне давялося сутыкнуцца з моцнаю незадаволенасцю гэтым. А потым захварэла дзіця, і мне адразу паведамілі, што я як працаўніца ім больш не патрэбная».

Ірына забрала сына з ясляў і зарэгістравалася на мясцовай біржы працы як беспрацоўная. Увосень збіраецца аддаць сына ўжо ў садок і потым шукаць новую працу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пешы пераход у цэнтры Варшавы, Польшча. 8 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Адвакатка: выселіць чалавека можа толькі суд

У папярэднім матэрыяле на тэму гвалтоўнага высялення з дапамогаю фірмаў – эксмітараў мы гутарылі з польскім юрыстам, прадстаўніком арганізацыі «Канцылярыя сацыяльнай справядлівасці» Бартломеем Піляшэкам. Цяпер мы звярнуліся да адвакаткі Цэнтру беларускай салідарнасці Марыны Грышчанкі і папрасілі яе апавесці, як дзеяць, калі вы сутыкнуліся з эксмітарамі, і ці магчыма на стадыі заключэння дамовы пра арэнду застрахавацца ад такой сітуацыі.

Паводле адвакаткі, падобных фірмаў у Польшчы, на жаль, цяпер шмат, але ўсе яны дзеюць незаконна, бо выселіць чалавека можа толькі судовы выканаўца і толькі пры наяўнасці пастановы суда аб высяленні:

«У Польшчы не мае значэння, мае чалавек права займаць памяшканне ці не. Тэарэтычна мы можам убачыць на вуліцы дом, у якім ніхто не жыве, засяліцца туды, хоць гэта і незаконна, і калі праз некаторы час аб’явіцца гаспадар, ён не мае права нас без рашэння суда выселіць. Таму ў гэтым выпадку нават ніякага значэння не мае, была дамова ці не – гаспадыня не мае права выселіць людзей без рашэння суда».

У сітуацыі Ірыны, калі гаспадыня кватэры хоча выселіць яе і дзяцей, ёй спачатку трэба звярнуцца ў суд, які выдасць рашэнне аб высяленні. Калі ў арандатараў ёсць магчымасць працаваць, зарабляць і здымаць сваё жытло, суд можа пастанавіць, каб яны выселіліся. Калі такой магчымасці няма, суд можа прызнаць іхнае права на сацыяльнае жытло. У любым выпадку павінна быць рашэнне суду, падкрэслівае адмыслоўца.

Эксмітары здзяйсняюць злачынства

Калі рашэнне суда ўжо ёсць і людзі не хочуць выселіцца добраахвотна, гаспадар жытла можа звярнуцца да судовага выканаўцы, і ён, маючы на руках рашэнне суда, можа выселіць людзей у сацыяльнае жытло ці ў кватэру, якія яны здымуць самастойна.

«Проста на вуліцу выкінуць чалавека нельга», – зазначае адвакатка ЦБС.

Асобы з фірмаў, якія займаюцца высяленнем, здзяйсняюць злачынствы паводле як мінімум двух артыкулаў польскага Крымінальнага кодэксу, кажа Марына Грышчанка:

«Гэта артыкул 193 КК Польшчы «Парушэнне хатняга міру», паводле якога максімальнае пакаранне – год пазбаўлення волі. А яшчэ пункт 1а артыкулу 191 КК «Спроба гвалтоўнага высялення», там максімальная санкцыя – тры гады пазбаўлення волі».

Ірыне адмыслоўца раіць звяртацца ў паліцыю ці адразу ў пракуратуру і падаваць заяву пра магчымае здзяйсненне злачынства, асабліва калі дойдзе да нейкіх фізічных дзеянняў – ламання дзвярэй і гэтак далей:

«Далей трэба сачыць за хадою справы, прымушаць паліцыю і пракуратуру працаваць. Калі хтосьці будзе пакараны, магчыма, гэтая фірма зачыніцца. Але, на жаль, можа з’явіцца іншая, бо яны бяруць немалыя грошы за гэтыя свае паслугі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від на Віслу і раён Паўночная Прага з аглядальнай пляцоўкі каля Каралеўскага замку. Варшава, Польшча. 6 красавіка 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Загадзя застрахавацца ад падобных сітуацыяў пры заключэнні дамовы аб арэндзе жытла наўрад ці магчыма, мяркуе адвакатка:

«Нават калі дамова бестэрміновая, вас могуць паспрабаваць выселіць. У такім выпадку гаспадар павінен за тры месяцы паведаміць пра жаданне спыніць дамову. Найлепей, калі ён вышле замоўны ліст з пацверджаннем уручэння. Калі дамова была вусная, папярэдзіць можна паведамленнем, электронным лістом».

Каго абароніць дамова аб аказіянальным найме?

Калі дамова была прыпыненая правільна, а чалавек не хоча высяляцца, ён паступае незаконна, але ўсё роўна ўласнік кватэры ці дому не мае права самастойна яго высяляць ці звяртацца да пасярэдніка – у любым выпадку мусіць разбірацца суд.

«Калі гаспадар самастойна змяняе замкі, выкідае рэчы жыльца, ён здзяйсняе злачынства», – падкрэслівае экспертка.

Марына Грышчанка звяртае ўвагу: нядобрасумленнымі бываюць не толькі арэндадаўцы, але і арандатары, і гэта здараецца нават часцей – людзі карыстаюцца тым, што ў Польшчы справы аб высяленні могуць цягнуцца два – тры гады, перастаюць плаціць арэнду, камунальныя паслугі, псуюць маёмасць. Каб застрахавацца, гаспадары жытла апошнім часам часта заключаць гэтак званую дамову аказіянальнага найму (umowa najmu okazjonalnego).

«Гэтая дамова замяняе рашэнне суда аб высяленні. З такою дамоваю можна пайсці ў суд і прасіць выканаўчы ліст, з якім трэба ісці да судовага выканаўцы, які будзе высяляць. З такою дамоваю мы абходзім судовае разбіральніцтва аб высяленні», – тлумачыць юрыстка.

Мы сочым за гісторыямі Таццяны Рысковай і Ірыны ды будзем паведамляць вам пра развіццё абедзвюх сітуацыяў.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў