Радаўніца: традыцыі і сучаснасць. Як правільна праводзіць гэты дзень?


Сучасная Радаўніца – гэта тысячы пластыкавых кветак і запоўненыя аўтапаркоўкі ля могілак. Але асноўнае не змянілася, бо Радаўніца– гэта ўсё яшчэ дзень, калі людзі вяртаюцца да сваіх каранёў, згадваюць памерлых сваякоў ды знаёмых і даглядаюць месцы іхнага пахавання.

Слова Радаўніца паходзіць ад балцкага raudoti – «галасіць» (плакаць па нябожчыку, на могілках). А як праводзяць Радаўніцу? Што кажа царква і этнолагі? Адказваем на гэтыя пытанні.

Калі?

Радаўніца – гэта вясновы абрад памінання продкаў у праваслаўных хрысціянаў, які праводзіцца на дзявяты дзень пасля Вялікадня. У сучаснай Беларусі Радаўніца выходны дзень, хоць ва Украіне і на большай частцы Расеі на дзяржаўным узроўні гэты дзень ніяк не вылучаецца.

Фота: Васіль Малчанаў/«Белсат»

Этнолагі заўважаюць, што прызнанне Радаўніцы выходным днём у некаторым сэнсе трансфармуе ці разбурае традыцыю: у шэрагу мясцінаў, дзе абраду Радаўніцы да гэтага не было, людзі пачалі таксама да яго далучацца.

Этнакультуролаг Таццяна Валодзіна распавяла, што адбылося ў Бярэзані, калі на могілкі пайшлі не на Вялікдзень, як звычайна, а на Радаўніцу:

«…Не намі эта ўстаноўлена, і не нам атменяць. У Узнажы ў Крупскім раёне ходзяць на кладбішча не на Радаўніцу, а на Паску. А Паска ж раньшы. Рашылі, што эта ўся акруга ходзяць на Радуніцу, а мы на Паску, давай і мы. І не пашлі на Паску, а пашлі на Раданіцу, умесце са ўсемі. Пашлі, заслалі магілы, як у нас, скацерцямі, ставюць гарэлку, закуску. Як паднялась бура! Сабрала этыя ўсе скацерці! Як падняло тыя скарцеркі над лесам, як паразнасіла, пазанясла за тры кіламетры. Эта ёсь свідзецельніца. Но сама глаўная, што нікакога ветра ў акруге не было. Толькі паднялося на этым кладбішчы. Нада хадзіць у свой дзень».

Як?

У Беларусі Радаўніца адзначаецца дужа разнастайна ў залежнасці ад рэгіёну і мясцовай традыцыі.

На Радаўніцу прынята наведваць могілкі: прыбіраць апалае лісце, папраўляць магілы, парадкаваць месца пахавання сваякоў і блізкіх ды памінаць іх малітвай.

Кветкі, паводле этнакультуролага Таццяны Валодзінай, – выключна сучасная традыцыя.

Фота: Васіль Малчанаў/«Белсат»

Згодна з успамінамі старажылаў, этнаграфічнай літаратурай, а дзесьці і ў жывым бытаванні – да Вялікадня, Радаўніцы на магілах, крыжах з’яўляліся новыя тэкстыльныя вырабы: тканыя, радзей – куплёныя. У дзень Радаўніцы або незадоўга да яе мяняюць фартушкі ці стужкі на крыжах. Прычым калі гэта мужчынскае пахаванне, вешаюць ручнічок, калі жаночае – фартушок або стужачку. У шэрагу раёнаў Меншчыны на агароджах навязваюць стужкі або вешаюць цюлевыя імітаваныя фартушкі для нябожчыка незалежна ад полу.

На ўсходзе Беларусі прынята засцілаць магілы тканінаю, выкладаць туды ежу ды абедаць, а па вяртанні дадому паласкаць гэты абрус у вадзе, каб нябожчыкам на тым свеце было лягчэй. Дома тым абрусам не карысталіся.

У некаторых мясцінах ежу выкладаюць наўпрост на магілу: прыносяць велікоднае яйка, кавалачак паскі ды наліваюць чарку гарэлкі ці віна. Але на гэтую традыцыю паўплывала праваслаўная царква, якая забараняе прыносіць ежу на могілкі, хоць носьбіты традыцыі працягваюць яе захоўваць нягледзячы на забароны, бо кажуць: «Не на нас гэта пачалося – не на нас і скончыцца».

МД belsat.eu

Стужка навінаў