Штучны інтэлект знішчае працоўныя месцы


Кампанія «Belka Games» – адзін з найбуйнейшых мабільных распрацоўнікаў з беларускімі каранямі – абвясціла аб звальненні 20 % штату. Прычынаю скарачэння сталася «карэктаванне стратэгіі», у тым ліку кадравай. Працу страцілі спецыялісты ў наратыўным і 2-D дызайне, тэхнічным арце, а таксама рэкрутары і кам’юніці-менеджары.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Звальненні адбываюцца і ў іншых ІТ-карпарацыях. Недзе з працаўнікамі развітваюцца ў выніку фінансавых цяжкасцяў кампаніяў, недзе – у выніку аптымізацыі кадраў. Напрыклад, звальняюць тых, чые кампетэнцыі часткова ці цалкам замяніў штучны інтэлект.

«Скарачаюць шмат працаўнікоў, бо штучны інтэлект – гэта інструмент, які дапамагае вырабляць. Ён скарачае тэрмін выпрацоўкі і скарачае колькасць чалавекагадзін, якія страчваюцца, таму менш працаўнікоў патрэбна», – тлумачыць сітуацыю чалец «BelGameDev» Яраслаў Кот.

Да 2035 года тэхналогіі штучнага інтэлекту заменяць 300 мільёнаў працоўных месцаў па ўсім свеце. Пра гэта сведчыць аналітыка фірмы «Challenger, Gray & Christmas». Кансалтынгавая кампанія, што займаецца даследаваннямі рынку працы, адзначае, што ў групе рызыкі не толькі працаўнікі ІТ. Да новай прафесіі варта прыгледзецца кіроўцам, прадаўцам, спецыялістам кол-цэнтраў і бухгалтарам.

«Прафесіі вадавоза і асенізатара зніклі, але пры гэтым усё роўна працуе Водаканал. Проста ўсё стала больш цэнтралізавана і прафесійна. Тут змена адбудзецца прыкладна такая ж: тое, што мы з вамі зараз абмяркоўваем, называючы штучным інтэлектам, дапоўніць і палепшыць існуючыя прафесіі», – адзначае IT-эксперт Аляксандр Ісавнін.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Канкураваць за працоўныя месцы са штучным інтэлектам давядзецца і банкаўскім працаўнікам. Рабатызацыя сферы прывядзе да скарачэння 200 тысячаў працоўных месцаў цягам наступных 10 гадоў, напісана ў справаздачы фінансавай кампаніі «Wells Fargo». У першую чаргу пад скарачэнне трапяць аперацыяністы, касіры і кліент-менеджары.

«Я б не ставіў тут пытанне “хто заўтра будзе звольнены?”. Той, хто не абнаўляе свае навыкі, не вучыцца новаму, той і будзе звольнены. Але ён быў бы звольнены ў любым выпадку», – адзначае Аляксандр Ісавнін.

Не хвалявацца за працоўныя месцы, прынамсі ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе, могуць будаўнікі, сантэхнікі, кухары і цырульнікі. Партал «ТechInsider» сцвярджае, што іхным навыкам навучыць робатаў складаней за ўсё. Таксама могуць не турбавацца юрысты, псіхолагі, медыкі і настаўнікі. Асобна аналітыкі выдання вылучаюць прадстаўнікоў творчых прафесіяў: пісьменнікаў, мастакоў і скульптураў. Іхнай працы штучны інтэлект таксама не заменіць.

«Патрабаванне будзе да людзей, каб яны былі большымі экспертамі ў распазнаванні нечага, што рабілася штучным інтэлектам. Больш будуць звяртаць увагу на нешта, зробленае чалавекам, нейкія рысы і ўнікальны стыль, якія штучны інтэлект не заўсёды можа зрабіць», – дадае Яраслаў Кот.

Эксперты «Goldman Sachs», якія вывучаюць штучны інтэлект, заклікаюць не хвалявацца. Калі вы знайшлі сваю прафесію ў спісе тых, што знікаюць пад уплывам тэхналогіяў, прыгледзьцеся да курсаў змены або павышэння кваліфікацыі. Вучоба цягам усяго жыцця – нашая новая рэальнасць, кажуць яны.

Кацярына Гардзеева, «Белсат»