Людзі, якія мелі сваё меркаванне, уласны погляд на шмат якія рэчы, заўсёды былі не зручныя ўладам Беларусі. Бо яны маглі паўплываць на свядомасць іншых, падзяліўшыся досведам і ведамі, а гэта праблема для рэжыму.
Такім нязручным чалавекам быў для ўладаў і Міхал Анемпадыстаў – паэт, філосаф, мастак, дызайнер, мастацтвазнаўца. Ён адзін са стваральнікаў беларускай рок-паэзіі, аўтар культавага музычнага праекту «Народны альбом» (1997), які прыдумаў і да якога напісаў тэксты. Яго стварэнне Міхал лічыў сваім галоўным дасягненнем у жыцці. І сапраўды, гэты праект моцна гучаў на пляцоўках Беларусі, Польшчы і нават Францыі.
Творчасць Міхала Анемпадыстава – гэта і жывапіс, і вершы, і дызайнерскія і графічныя працы. Ягоным творам не знайшлося месца ў афіцыйных структурах Беларусі, але ягоныя таленты ўшанаваныя па-за межамі радзімы.
Цёплымі ўспамінамі пра свайго сябра і калегу Міхала Анемпадыстава ў новым фільме «Белсату» дзеляцца музыкі Лявон Вольскі, Піт Паўлаў, дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы, ейны намеснік Аляксей Дзікавіцкі, мастак Лявон Тарасевіч і іншыя.
Аўтарка: Вольга Воранава, 2023 год