Мяшкоў Берасце ў адзінаццаты раз запар выйграў чэмпіянат Беларусі па гандболе, што гэта дае ва ўмовах ізаляцыі?
Гэта была прыгожая гісторыя, але жыццё паказвае, што ва ўмовах дыктатуры не могуць развівацца нават самыя паспяховыя спартовыя праекты.
У канцы 90-ых беларускі гандбол павольна паміраў. У Берасці аматарскі клуб перабіваўся з хлеба на ваду, пакуль за гэтымі невясёлымі працэсамі стаміліся назіраць браты Мяшковы, якія 22 гады таму ў памяць пра бацьку Анатоля Мяшкова, стварылі ў родным горадзе гандбольны клуб. Анатоль Мяшкоў працаваў у Берасцейскім універсітэце і развіваў у горадзе гандбол. Яго сыны Аляксандр і Сяргей даўно перабраліся ў Расеі і зрабілі там паспяховыя кар’еры. І стварылі адзін з самых паспяховых праектаў у гісторыі беларускага спорту. БГК 16 разоў станавіўся чэмпіёнам Беларусі і 13 разоў выгульваў Кубак Беларусі.
Гэта быў рэдкі выпадак, калі грошы «Газпраму» працавалі на карысць беларускага спорту. У горадзе зʼявіўся палац спорту «Вікторыя», клуб стаў выйграваць трафей за трафеем, сотні дзяцей пайшлі займацца ў гандбольную школу, адкрытую братамі Мяшковымі. У тыя гады аўтар працаваў у БГК і ніякай ідэалогіі расейскага свету не было і блізка, наадварот у клубе імкнуліся развівацца беларускае.
Клуб увайшоў у эліту еўрапейскага клубнага гандбола і стаў сталым удзельнікам Лігі чэмпіёнаў. У Берасце прыязджалі ўсе топавыя клубы Еўропы, а БГК абыгрываў «Барсэлону», «Кіль», ПСЖ.
Пакуль у 2021 годзе мяшкоўцы не дабраліся да топ-8 еўрапейскага клубнага гандбола. На гэтым казка паступова пачала заканчвацца. Сітуацыя ў краіне стала імкліва мяняцца, і тут ключавы момант – 2020 год і раздушаная беларуская рэвалюцыю, пасля чаго ніякія праекты накіраваныя на Еўропу развіваецца ўжо не маглі.
Цікава, што яшчэ 11 траўня 2021 года ў Берасце прыляцела гандбольная «Барсэлона», але ўжо 23 траўня ў Менску дзейная ўлада пасадзіла самалёт Ryanair. І больш ніякія клубы ў Беларусь не ляталі. Праўда, БГК застаўся ў Лізе чэмпіёнаў і на наступны сезон, а клубам даводзілася дабірацца на гульні ў Беларусь па зямлі. Але пасля нападу Расеі на Украіну і нападаў з тэрыторыі Беларусі расейскі і беларускі гандбол быў адхілены ад міжнародных матчаў. У выніку Мяшкоў Берасце застаўся без Лігі чэмпіёнаў, а каманду пакінулі легіянеры з еўрапейскіх краін і вядучыя менеджэры.
Часта можна пачуць, што спорт па-за палітыкай. Але гэтая сітуацыя паказвае, што гэта не так. У ключавыя для краіны моманты гульцы БГК Мяшкова ніяк не адрэагавалі на падзеі 2020 года, не асудзілі вайну, а 22 лютага 2022 года датэрмінова пайшлі галасаваць на незаконны рэферэндум па чарговай змене канстытуцыі. Дык чаму ў такім выпадку гэтыя гульцы павінны гуляць у Лізе чэмпіёнаў?
Але праект Аляксандр Мяшкоў захаваў, у клубе працягваюць плаціць добрыя грошы, і за БГК працягваюць выступаць не толькі высокага ўзроўню легіянеры з Балкан, Расеі і Егіпта, але і класныя беларускія ігракі. Напрыклад, галкіпер Іван Мацкевіч гуляў у Грэцыі, але вярнуўся ў Берасце, Глеб Гарбуз пагуляў у Аўстрыі і Швейцарыі, але таксама перабраўся ў БГК.
Якая ў гэтых гульцоў матывацыя? Мне здаецца адна – грошы. Можна атрымліваць добрыя заробкі і не моцна напружвацца, праводзячы за сезон толькі некалькі матчаў з сурʼёзнымі супернікамі. Дзе яшчэ такое магчыма?
Пры гэтым гульцоў не хвалюе сітуацыя ў краіне, тысячы палітвязняў, вайна. Яны па-ранейшаму жывуць у сваё задавальненне, гуляюць гандбол, вось толькі ў мяне жадання перажываць за такіх спартоўцаў няшмат, а ў вас?
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.