Што не падзялілі Міністэрства спорту і Беларуская федэрацыя футболу?


Канфлікт паміж АБФФ (Беларускаю федэрацыяй футболу) і Міністэрствам спорту пачаўся не ўчора і не сёння. Яшчэ ў лютым пра яго выказваўся Лукашэнка. Ужо травень, а развязання не відаць і блізка. Не дапамагаюць і круглыя сталы паміж структурамі. Чарговая такая сустрэча пройдзе 6 траўня.

«Але мяне што абурае: аказваецца, новы кіраўнік федэрацыі з міністрам спорту чагосьці не падзялілі. Яны не могуць працаваць разам. Цуд! Там жа дзяліць няма чаго. Увогуле, мужыкі, сёлета не будзе значнага прагрэсу ў відах спорту і нармальных паказнікаў: на пасады і крэслы не разлічвайце», – выказаўся пра канфлікт Аляксандр Лукашэнка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менскае «Дынама» гуляе з ФК «Слуцк». 2 траўня 2020 года.
Фота: Misha Alexandrov / imago sport / Forum

Хто гэтыя асобы, якія канфліктуюць

Міністэрства спорту ўзначальвае Сяргей Кавальчук, а Беларускаю федэрацыяй футболу кіруе Мікалай Шарснёў. Таму фактычна гаворка пра канфлікт паміж імі. Дык хто гэтыя асобы, якія могуць сабе дазволіць канфліктаваць у сённяшняй дыктатарскай сістэме?

Кіраўніком Беларускай федэрацыі футболу Мікалая Шарснёва абралі 22 сакавіка 2023 года. Яму 63, пасля заканчэння Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны на спецыяльнасці «Заатэхніка» ў розныя гады працаваў на роднай Аршаншчыне старшынём калгасу, галоўным заатэхнікам, кіраўніком вытворча-гаспадарчай фірмы. Быў нават двойчы пераможцам «Дажынак», а пазней пайшоў начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Менскага райвыканкаму, потым – дырэктарам прыватнага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства ў сталічным раёне, затым яго некалькі разоў кідалі на птушкагадоўлю (быў генеральным дырэктарам «Белптушкапраму», «Менскаблптушкапраму», 1-й Менскай птушкафабрыкі).

Кіраўнік Беларускай федэрацыі футболу Мікалай Шарснёў.
Фота: АБФФ

У верасні 2014 года Лукашэнка вярнуў яго на Віцебшчыну, прызначыўшы галоўным інспектарам у вобласці, а ў канцы 2014-га Шарснёва прызначылі старшынём Віцебскага аблвыканкаму. На гэтай пасадзе адпрацаваў даволі шмат часу, але амаль праз сем гадоў усё ж быў адпраўлены ў адстаўку. Таксама ў гэты перыяд быў прызначаны чальцом Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Далей начальнікам галоўнага ўпраўлення інвестыцыйна-вытворчай дзейнасці і адміністрацыйна-гаспадарчых пытанняў Нацыянальнай акадэміі навук.

Чакалася, што на чарговай пасадзе ў новай для сябе галіне Шарснёў будзе выконваць спушчаныя зверху каманды, але былы аграрый аказаўся даволі незалежным і самастойным гульцом, які за год здолеў сур’ёзна ўзняць свой аўтарытэт.

Міністру спорту і турызму Сяргею Кавальчуку 55, на гэтай пасадзе ён з 5 сакавіка 2018 года, і гэта амаль рэкорд для кіраўнікоў гэтага ведамства.

Да гэтага з 2004-га Кавальчук працаваў ахоўнікам Лукашэнкі, і калі самаабвешчаны кіраўнік Беларусі прызначаў Кавальчука на пасаду міністра спорту, ён заявіў: «Генерал не спрацаваў, таму бралі ніжэй, хоць не вельмі нізка». Генерал, які не спрацаваў, – гэта былы міністр Аляксандр Шамко.

Міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук.
Скрыншот: БелТА

Прыхільнік закручвання гаек супраць легальнага кіраўніка беларускага футболу

Сваім меркаванне адносна асобы міністра падзяліўся з «Белсатам» на ўмовах ананімнасці дасведчаны ў гэтай сферы адмысловец:

«Кавальчук – прыхільнік закручвання гаек, імкнецца ўсё браць пад свой кантроль. Складана сказаць, што ён разбіраецца ў спорце, але ўпарты і дастаткова настойлівы, таму ідэальна ўпісваецца ў сістэму, якая выбудоўваецца ў Беларусі пасля 2020 года».

Характарызуючы Шаршнёва, наш суразмоўца адзначае: ніхто не чакаў, што ён здолее набраць такую вагу, прыйшоўшы ў спартовую галіну.

«Ён, напэўна, адзіны, хто наладзіў стасункі ў Еўропе. Міжнародныя футбольныя структуры УЕФА І ФІФА прызнаюць Мікалая Шарснёва як адзінага і легальнага кіраўніка беларускага футболу і гатовыя размаўляць толькі з ім. Магчыма, гэта раздражняе Кавальчука і кіраўніка Алімпійскага камітэту Беларусі Віктара Лукашэнку», – адзначае нашая крыніца.

Сапраўды, за год Шарснёву ўдалося нямала. Зборная Беларусі па пляжным футболе выйшла ў паўфінал чэмпіянату свету, дзе заняла чацвёртае месца. Пры гэтым выступаючы пад дзяржаўным сцягам на афіцыйным элітным турніры на вачах усяго свету, на чым добра згуляла прапаганда рэжыму. Гульні гэтага турніру ў абыход санкцыяў паказалі на дзяржаўным тэлебачанні, што было б немагчыма, каб неафіцыйны дазвол на гэта не далі ў ФІФА.

Шарснёў змяніў галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Беларусі, замяніў Георгія Кандрацьева на іспанца Карласа Алёса Фэрэра, які адносна ўдала завяршыў адборачны турнір чэмпіянату Еўропы, дзе Беларусь узнялася на чацвёртую пазіцыю і набрала ажно 12 пунктаў. Таксама Шарснёў змяніў галоўнага трэнера моладзевай зборнай, і там ужо ёсць першы поспех.

Нарэшце, упершыню з 2021 года зборная Беларусі згуляе таварыскі матч на тэрыторыі Беларусі, дазвол на гульню са зборнаю Расеі атрымала ад ФІФА менавіта каманда Шарснёва, гэта быў цяжкі і доўгі працэс.

Зборная Беларусі па футболе
Зборная Беларусі па футболе. На здымку – іспанскі трэнер Карлас Алёс Фэрэр.
Фота: belarus_football_team / Instagram

Дык у чым сутнасць канфлікту?

На пытанне, чаго хоча міністр ад кіраўніка федэрацыі, нашая крыніца адказвае наступным чынам:

«Я думаю, як і ад астатніх: кантролю. Але ёсць і іншы момант, гэта грашовыя плыні, якія ідуць у федэрацыю футболу Беларусі з розных міжнародных футбольных крыніцаў».

Таксама не падабаецца Кавальчуку і тое, што Беларуская федэрацыя футболу самастойна праводзіць трэнерскія курсы. Напрыклад, навучанне на катэгорыю УЕФА «Pro», якая, паводле правілаў, патрэбная для працы ў найвышэйшых дывізіёнах еўрапейскіх краінаў, у АБФФ каштуе каля пяці тысяч еўраў. Міністэрства хоча абавязаць беларускіх трэнераў праходзіць павышэнне кваліфікацыі толькі ў дзяржаўным Універсітэце фізкультуры.

Акрамя таго, Кавальчук хоча кантраляваць правядзенне спаборніцтваў, з гэтага і ўзнік новы канфлікт.

Федэрацыя футболу планавала праводзіць свой турнір у трэцім і чацвёртым дывізіёне Беларусі, падзяліўшы каманды на класы згодна з іх узроўнем. У Кавальчука была іншая ідэя – кінуць у адзін кацёл усе клубы другой лігі, каманды з першынства вобласцяў, аматарскія каманды і дублі клубаў найвышэйшай лігі. У выніку ўзніклі адразу дзве лігі: пад кантролем федэрацыі футболу і пад кіраўніцтвам Міністэрства спорту. Пры гэтым супраць першай Міністэрства спорту кінула ўсю сваю моц адміністрацыйнай і прапагандысцкай машыны. У выніку Ліга ад федэрацыі футболу так і не стартавала, чаго не скажаш пра Лігу Міністэрства спорту, але ўсё скончылася ганьбаю на ўвесь свет.

ФК «Мёры». Кубак Віцебскай вобласці – 2023, фінал.
Фота: Футбольный клуб “ФК Миоры” / Instagram

Які боль – 50:0

Пра 50:0 напісалі медыі ўсяго свету. Матч паміж «Мёрамі» і «Расонамі» 4 траўня скончыўся з лікам 50:0 на карысць гаспадароў. Гэта новы рэкорд найбуйнейшага выніку ў гісторыі беларускага футболу. Мінулы рэкорд устанавілі ўвосень мінулага года, калі гомельскі «Бумпрам» з лікам 29:0 абыграў рагачоўскі «Днепр». Цікава, што год таму ў межах Кубка Беларусі «Мёры» прымалі БАТЭ і саступілі 0:13.

У мінулым сезоне «Мёры» былі моцным серадняком другога дывізіёну, чаго не скажаш пра «Расоны»: гэтая каманда не была заўважаная нават на аматарскім узроўні.

«Я выступаў ува ўсіх дывізіёнах Беларусі і ніколі нічога падобнага не бачыў. Каб прагуляць 0:50, трэба, каб людзі раней увогуле не гулялі ў футбол. Пагаварыў ужо з хлопцамі, і яны схіляюцца да думкі, што, каб стварыць масавасць, яны проста сабралі ўсіх, каго знайшлі ў гэтых Расонах. Раней нават у другой лізе была сурʼёзная барацьба, трапляліся моцныя футбалісты, а цяпер, напэўна, ужо ў аматараў узровень вышэйшы», – расказаў «Белсату» на ўмовах ананімнасці беларускі футбаліст.

Няма сумневаў: калі Федэрацыя футболу і Міністэрства спорту не дамовяцца пра адзіную лігу, падобныя ганебныя моманты працягнуцца. Але ці ёсць воля і жаданне ў бакоў дамаўляцца?

«У беларускім заканадаўстве няма рэгулявання і кантролю над фінансавымі сродкамі федэрацыі і над іх спартоваю дзейнасцю. Дзяржава не ажыццяўляе такога кантролю, таму ніякага дачынення Кавальчук і Міністэрства спорту да футбольнай федэрацыі ўвогуле не маюць», – зазначае трэнер, былы гулец моладзевай зборнай Беларусі Яўген Вяроўка.

Фактычна Кавальчук урываецца на чужую тэрыторыю, за што могуць наступіць вельмі сурʼёзныя наступствы для ўсяго беларускага футболу. ФІФА і УЕФА не дапускае ўмяшання дзяржавы ў дзейнасць нацыянальных федэрацыяў. У адваротным выпадку аўтаматычна ідуць санкцыі: зборныя і клубы губляюць права гуляць у міжнародных турнірах, фінансавыя плыні спыняюцца, ніхто ў гэтай сітуацыі не выйграе. Каб запусціць гэты механізм, дастаткова афіцыйнага звароту ў міжнародныя структуры Шарснёва. Але ці пойдзе на такі крок кіраўнік Беларускай федэрацыі футболу? У любым выпадку запасаемся папкорнам.

Аб’ектыў
Міністэрства спорту выступіла супраць футбольнай асацыяцыі
2024.04.08 20:53

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў