Міністр гандлю распавёў, да якой пары ў краіне будзе дзейнічаць цэнавае рэгуляванне


У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю не змаглі дакладна адказаць, колькі яшчэ працягнецца рэгуляванне коштаў у краіне. Але яно дакладна будзе працягвацца, пакуль не знікнуць знешнія шокі для эканомікі. Аб сітуацыі распавёў кіраўнік ведамства Аляксей Багданаў.

Людзі набываюць гародніну ў краме ў Менску, Беларусь. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

«Дзяржаўнае рэгуляванне цэн уводзілася як мера ў адказ на знешнія шокі, якія ўздзейнічалі на эканоміку нашай краіны. Колькі працягнецца гэта рэгуляванне, сказаць складана», – заявіў Аляксей Багданаў.

Пакуль знешнія фактары негатыўнага ўплыву не знікнуць, цэнавае рэгуляванне будзе дзейнічаць, дадаў ён.

Раней прэс-служба ўрада паведаміла аб зацвярджэнні праграмы сумесных дзеянняў ураду і Камітэту дзяржаўнага кантролю па стабілізацыі цэн на 2024 год. Адзначаецца, што праграма «з’яўляецца стратэгічным дакументам і ўтрымлівае меры па зніжэнні інфляцыі ў галінах эканомікі, насычэнні ўнутранага рынку таварамі, мерапрыемствы эканамічнага і адміністрацыйнага характару, а таксама меры па ўдасканаленні антыманапольнага, цэнавага рэгулявання і кантролю» і рэалізуецца з 2022 года.

Паводле слоў Багданава, асноўная мэта праграмы – «падтрыманне стабільнасці цэн і даступнасці тавараў на ўнутраным рынку», яна аб’ядноўвае «некалькі блокаў пытанняў і дзеянняў, якія будуць прыняты сёлета».

У прыватнасці, адзначыў кіраўнік МАРГ, «будуць рэалізаваны тыя моманты, якія прадугледжвае імпартазамяшчэнне» розных тавараў, а таксама «будзе актывізавацца праца беларускіх вытворцаў па прасоўванні сваёй прадукцыі ў офлайн-гандлі і на лічбавых пляцоўках».

Праграма таксама ўключае меры па «удасканаленні цэнавага рэгулявання, антыманапольнага права і кантрольна-нагляднай дзейнасці», адзначыў міністр.

Нагадаем, рэгуляванне коштаў у Беларусі пачало дзейнічаць у кастрычніку 2022 года паводле распараджэння Аляксандра Лукашэнкі. Тыя, хто павысіць цэны без санкцыі міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю альбо старшыні аблвыканкаму (Менгарвыканкаму), будуць несці адказнасць ажно да крымінальнай. Пасля гэтага пастанову Саўміна аб новай сістэме рэгулявання цэн некалькі разоў мянялі. Сёлета ўвялі і некаторыя паслабленні.

Hавiны
Нацбанк назваў вінаватых у росце цэнаў у Беларусі
2024.05.04 09:47

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў