Скандальны польскі суддзя збег у Беларусь і папрасіў абароны


Польскі суддзя Томаш Шмыт пераехаў у Беларусь і даў у Менску прэс-канферэнцыю, дзе абвясціў, што папрасіў абароны ва ўладаў Беларусі, бо на радзіме зазнаў «пераслед і пагрозы за самастойную палітычную пазіцыю», піша БелТА. Яшчэ ў 2019 годзе Шмыт трапіў у скандал, які польскія медыі назвалі «справаю нянавісці ў інтэрнэце».

Польскі суддзя Томаш Шмыт, які папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. 6 траўня 2024 года. Менск, Беларусь.
Фота: БелТА

Томаш Шмыт – суддзя 2-га аддзялення ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы, раней працаваў на розных пасадах у судовай сістэме і органах юстыцыі Польшчы.

Даведка

Як пішуць польскія медыі, Томаш Шмыт некалькі гадоў таму разам са сваімі калегамі-суддзямі, лаяльнымі да мінулага ўраду партыі PIS, зарганізавалі ананімную кампанію хэйту супраць сваіх калегаў, якія крытычна ставіліся да ўладаў.

Яны стварылі групу ў мэсэнджары WhatsApp, дзе публікавалі кампрамат на суддзяў-апазіцыянераў. Негатыўную інфармацыю пра калегаў Шмыта распаўсюджвала таксама былая жонка суддзі. Яна асабіста публікавала ў сеціве розныя дэталі з сакрэтных дакументаў, падпісваючыся псеўданімам Малая Эмі.

6 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску Шмыт паведаміў, што мусіў пакінуць радзіму, бо зазнаў там «пераслед і пагрозы за самастойную палітычную пазіцыю».

«Мой выезд з Польшчы быў абумоўлены найперш палітычнай сітуацыяй, прэсінгам, што на мяне аказвалі. Праз два-тры месяцы выязджаць было б запозна», – сказаў Шмыт.

Ён папрасіў аховы асабіста ў Лукашэнкі, назваўшы яго «вельмі добрым прэзідэнтам»:

«Я хацеў бы дазволіць сабе звярнуцца непасрэдна да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Вельмі перапрашаю за маю смеласць, аднак дазволю сабе папрасіць апеку, ахову прэзідэнта і агулам Беларусі».

Паляк адзначыў, што «у Беларусі вельмі добры прэзідэнт», што ў нашай краіне «можна спакойна жыць»:

«Беларусь – краіна, што мае велічэзны патэнцыял. Тут вельмі мудры кіраўнік. Мяркую, беларусы нават не ўсведамляюць, якія вялікія магчымасці для развіцця маюць».

Ён таксама паскардзіўся на інфармацыйную блакаду, праз якую «цяжка даведацца, што насамрэч адбываецца ў Беларусі і Расеі»: «Адзіны спосаб атрымаць інфармацыю – карыстацца Telegram, які пакуль не заблакаваны».

Польскі суддзя Томаш Шмыт, які папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. 6 траўня 2024 года. Менск, Беларусь.
Фота: БелТА

Томаш Шмыт абвінаваціў польскія ўлады ў жаданні ўцягнуць ягоную краіну ў вайну ва Украіне, запэўніў, што на радзіме казаць пра гэта не можа, і заклікаў польскіх палітыкаў узнавіць дыялог з Лукашэнкам і Расеяй.

Проста на прэс-канферэнцыі Шмыт падпісаў заяву на звальненне, назваўшы гэта «пратэстам праз несправядлівую і несумленную палітыку, што ўлады Польшчы праводзяць у дачыненні Беларусі і Расеі».

«Гэта таксама ўчынак супраць дзеянняў, скіраваных на ўцягненне маёй краіны ў непасрэдны ўзброены канфлікт з Беларуссю і Расеяй. Гэта таксама заклік да польскіх уладаў нармалізаваць і ўрэгуляваць добрасуседскія стасункі паміж Польшчаю, Беларуссю і Расеяй», – сказаў суддзя.

Каментуючы прэс-канферэнцыю Шмыта, міністр замежных справаў Радослаў Сікорскі заўважыў, што агулам гэта надзвычайнае здарэнне, але палякі ўжо мелі іншага здрадніка (гаворка пра Эміля Чэчку – рэд.) і, зазначае Сікорскі, гэта падобная справа.

У 2019 годзе польскія медыі напісалі пра датычнасць Томаша Шмыта да кампаніі распальвання нянавісці супраць суддзяў, якія крытыкавалі ўрад за тагачасную судовую рэформу. Тыя змены ў судовай сістэме Польшчы крытыкаваў ЕЗ, а летась Еўрапейскі суд пастанавіў, што рэформа парушае прынцып вяршэнства закону.

Мы звярнуліся да Томаша Шмыта па каментар. Ён прачытаў паведамленне belsat.eu ў Тэлеграме, але не адказаў.

Раней лукашэнкаўская прапаганда актыўна асвятляла гісторыю польскага жаўнера Эміля Чэчкі, які ахоўваў мяжу з Беларуссю і ў снежні 2021 года ўцёк у нашую краіну пасля таго, як суд даў яму 6 месяцаў зняволення за збіццё маці. Улады Беларусі выкарыстоўвалі Чэчку для антыпольскай прапаганды – ён, напрыклад, сцвярджаў, што памежная ахова прымусіла яго забіваць мігрантаў.

У сакавіку 2022 года СК паведаміў, што польскага грамадзяніна знайшлі павешаным.

Hавiны
«Смажыў каўбасу на вогнішчы». БТ паказала дзіўны фрагмент размовы з польскім дэзерцірам
2021.12.17 15:31

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў