news
Гісторыі

Хто такі суддзя Шмыт, які папрасіў прытулку ў Беларусі, і чым ён можа нашкодзіць Польшчы

Меў доступ да сакрэтнай інфармацыі – хай і не галоўных дзяржаўных таямніцаў.
07.05.202416:52

Польскі суддзя Томаш Шмыт 6 траўня абвясціў, што ён у Менску і просіць палітычнага прытулку ў Беларусі. У Польшчы ён быў замяшаны ў скандале з ціскам на суддзяў, якія выступалі супраць судовай рэформы. Гэтым уцекачом актыўна карыстаецца лукашэнкаўская прапаганда ды, імаверна, спецслужбы.

Томаш Шмыт у Менску
Польскі суддзя Томаш Шмыт у Менску, Беларусь. 6 траўня 2024 года.
Фота:  Tomasz Szmydt / Telegram
Даведка

Томаш Шмыт – суддзя 2-га аддзялення ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы, раней працаваў на розных пасадах у судовай сістэме і органах юстыцыі Польшчы. 6 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску Шмыт паведаміў, што мусіў пакінуць радзіму, бо зазнаў там «пераслед і пагрозы за самастойную палітычную пазіцыю». Ён папрасіў абароны асабіста ў Аляксандра Лукашэнкі, назваўшы яго «вельмі добрым прэзідэнтам», «вельмі мудрым кіраўніком».

Ад чаго ўцёк Шмыт

На прэс-канферэнцыі ў Менску Шмыт заяўляў, што ўцёк праз нязгоду з палітыкай польскіх уладаў і пагрозу фабрыкавання супраць яго справы за шпіянаж. Польскія ўлады, паводле яго, вядуць «несправядлівую і абразлівую» палітыку супраць Беларусі і Расеі пад уплывам Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі ды нібыта могуць такім чынам уцягнуць Польшчу ў вайну ва Украіне.

Шмыт быў суддзём 2-га аддзялення ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы, раней працаваў на розных пасадах у судовай сістэме і органах юстыцыі Польшчы. Паводле заявы ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы, Шмыт узяў адпачынак ад 22 красавіка да 10 траўня, заявы аб адстаўцы ад яго не атрымлівалі.

У Польшчы Шмыт стаўся вядомы ў 2019 годзе ў звязку са скандалам, які называюць «гэйтэрскай аферай» (пол. afera hejterska). Найбольш гучная фігурантка гэтай справы – Эмілія Шмыт, тагачасная (цяпер былая) жонка суддзі, які ўцёк у Беларусь, і каханка яшчэ аднаго суддзі, Аркад’юша Ціхоцкага.

Як пісалі польскія медыі, Эмілія Шмыт збірала, публікавала ў сацсетках і рассылала па медыях кампрамат на суддзяў, нязгодных са спрэчнаю судоваю рэформаю. Расследавальнікі заяўлялі, што кампрамат ёй перадавалі працаўнікі Міністэрства юстыцыі, а створаная «ферма троляў» была часткаю кампаніі ўладаў для ціску на нязгодных.

Жонка спачатку валіла адказнасць на мужа – маўляў, гэта ён уцягнуў яе ў аферу. А муж – на жонку, заадно вінаваціў яе ў разбурэнні сям’і, злоўжыванні алкаголем і праз гэта выкідышам. Але высветлілася, што муж з’явіўся ў чаце змоўнікаў раней за жонку. Томаш Шмыт і сам прызнаў у 2022 годзе, што браў удзел у суполцы. А Эмілія Шмыт у тым жа годзе заяўляла, што гатовая адказаць на пытанні праваахоўнікаў, але «з ёй не звязваліся».

Томаш Шмыт у Менску, Беларусь. 7 траўня 2024 года.
Фота: Tomasz Szmydt / Telegram

Шмыт, нягледзячы на скандал, быў толькі часова адхілены ад пасады суддзі, а пазней вярнуўся да працы. Абвінавачванняў яму і жонцы яшчэ не выстаўлялі – трывала некалькі расследаванняў, справу перакідвалі між рознымі гарадамі. Апошняе расследаванне ў горадзе Сьвідніца мусіла завершыцца да сакавіка 2024 года, але навінаў аб выстаўленні абвінавачванняў не было. Праз скандал таксама падаў у адстаўку віцэ-міністр юстыцыі Лукаш Пебяк (аб удзеле якога ў змове казаў і сам Шмыт), але і яму не выставілі абвінавачванняў, дазволілі працаваць суддзём. Супраць Пебяка і яшчэ некалькіх фігурантаў скандалу (але не Шмытаў) падаў цывільны пазоў юрыст, які быў галоўнай мішэнню нападак, працэс яшчэ трывае.

Вясною 2024 года пракуратура Вроцлава пасля змены кіраўніцтва аднавіла расследаванне скандалу і стварыла спецыяльную следчую групу, забрала матэрыялы справы з пракуратуры Сьвідніцы – а гэтая пракуратура якраз хацела выставіць абвінавачванні Эміліі Шмыт. Аб гэтым сталася вядома 18 красавіка, а ўжо 22-га Томаш Шмыт «узяў адпачынак». Вынікамі гэтага «адпачынку» Шмыта зацікавілася ўжо не толькі пракуратура, але і Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы.

Як ім цяпер карыстаецца прапаганда

Беларускія дзяржаўныя медыі 6 траўня амаль сінхронна паведамілі пра Шмыта і ягоную просьбу аб палітычным прытулку. Ён даў прэс-канферэнцыю, якую ў дзяржаўных медыях асвятлялі вельмі падрабязна: гэтак, дзяржаўная інфармацыйная кампанія БелТА зрабіла пра яе 19 публікацыяў, у тэленавінах на дзяржаўных каналах гісторыя Шмыта ішла першым сюжэтам. Шмыт працягнуў раздаваць інтэрв’ю пасля прэс-канферэнцыі, у тым ліку выйшаў у эфір расейскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва.

Томаш Шмыт у Салаўёва
Польскі суддзя Томаш Шмыт у эфіры праграмы «Соловьёв Live». 7 траўня 2024 года.
Скрыншот: Соловьёв / Telegram

Асноўныя мэсіджы беларускай і расейскай прапаганды такія: Шмыт – польскі патрыёт, у Польшчы няма свабоды слова і дэмакратыі, Польшчу падцкоўваюць супраць міралюбных Беларусі і Расеі, палякам не кажуць праўды пра Беларусь і Расею, а ў Беларусі насамрэч усё добра.

Пра «гэйтэрскую аферу», судовую рэформу ў Польшчы і былую жонку Шмыта ў прапагандзе мала згадваюць. З аповеду Шмыта незразумела, за што канкрэтна яго пераследавалі б у Польшчы: па-за «гэйтэрскай аферай» ён не быў вядомы, не выказваўся на тэму Беларусі ці Расеі.

На прэс-канферэнцыі ў студыі БелТА была адметная дэталь: перад Шмытам паставілі таблічку з імем і прозвішчам, а таксама спасылкай на ягоны Telegram-канал. На канал даваў спасылку і расейскі прапагандыст Салаўёў. Гэты канал Шмыт стварыў 3 траўня, 6 траўня паведаміў там аб прыездзе ў Беларусь. Цяпер ён працягвае весці канал па-расейску, робіць рэпосты навінаў пра сябе, публікуе сваё фота за сталом і здымак бутэлькі гарэлкі «Бульбаш».

На момант публікацыі ягоны Telegram-канал налічвае больш за 1600 падпісчыкаў. Шмыт таксама завёў новыя акаўнты ў сацсетках Facebook, TikTok, VK і X, там публікуе тое самае.

Як рэагуюць на гэта ў Польшчы

З аднаго боку, уцёкі Шмыта выклікалі бурлівую рэакцыю сярод польскіх палітыкаў у сацыяльных сетках. З другога боку, на наступны дзень гісторыя знікла з першых старонак, а для палякаў, мяркуючы паводле «Google Trends», спеўны конкурс «Еўрабачанне» зноў зрабіўся больш цікавым за перабежніка.

7 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што Шмыт меў доступ да сакрэтных дакументаў і да Міністэрства юстыцыі, а значыць, і беларускія спецслужбы мелі да іх доступ. Туск дадаў, што стасункі Шмыта з беларускімі спецслужбамі маюць даўнюю гісторыю і не абмяжоўваюцца апошнімі месяцамі. Прэм’ер-міністр таксама нагадаў, што ў іншых краінах Еўропы бачныя ўсё больш скаардынаваныя дзеянні агентуры Масквы і Менску.

Польскі публіцыст і журналіст «Белсату» Міхал Кацэвіч адзначае, што значэнне гісторыі Шмыта для Польшчы будзе зразумелым праз некаторы час: цяпер цяжка сказаць, наколькі значныя ў Польшчы страты. Кацэвіч кажа, што ў гэтай гісторыі варта разглядаць два складнікі. Першы – іміджавы: высокі прадстаўнік судовай улады ўцёк у Беларусь і супрацоўнічае з прапагандай. Другі – выведны: вельмі імаверна, што Шмыт доўгі час супрацоўнічаў з беларускімі спецслужбамі, а мо і з расейскімі, меў доступ да істотнай інфармацыі, хай сабе і не да найважнейшых дзяржаўных таямніцаў.

«Трэба памятаць, што адміністрацыйны суд – гэта той суд, праз які праходзяць рознага кшталту звароты і скаргі, звязаныя з дзейнасцю публічнай адміністрацыі, апарату спецыяльных службаў, войска і розных структураў», – нагадвае Кацэвіч.

Гэтыя звесткі былі б вельмі каштоўныя для варожай дзяржавы, падкрэслівае публіцыст. Але які маштаб мае шкода, цяпер ведаюць хіба пракуратура і контрвыведка.

Hавiны
У Польшчы вынеслі прысуд па справе двух беларусаў, якіх абвінавацілі ў шпіянажы
2024.04.29 21:01

Пакуль жа ў Польшчы бачны эмацыйны і палітычны складнік скандалу. Ужо пачынаюцца дыскусіі аб тым, чый быў Шмыт і да якога палітычнага лагеру адносіцца, заўважае Кацэвіч. Але суразмоўца не бачыць у гэтым вялікай шкоды: у Польшчы пастаянна адбываюцца палітычныя спрэчкі. Такія дыскусіі наўрад ці былі мэтаю беларускіх ці расейскіх спецслужбаў, калі Шмыт сапраўды з імі супрацоўнічаў.

Кацэвіч мяркуе, што Шмыт уцёк не дзеля таго, каб пасупрацоўнічаць з беларускай прапагандай, а таму што атрымаў паведамленне аб тым, што ягоная шпіёнская дзейнасць можа быць выкрытая. Матывацыі беларускіх спецслужбаў наш суразмоўца не ведае: выступ Шмыта – «не найлепшы эпілог для гэтай гісторыі».

«Гэта таксама сігнал для польскіх службаў, такое публічнае выкрыццё агента, – лічыць Кацэвіч. – Тое, што адбылося, дакладна ёсць вельмі вялікім трывожным званком для польскага грамадства і польскіх службаў, каб вельмі сур’ёзна ўзяцца за пільнаванне бяспекі Польшчы яшчэ і з гледзішча таго, што ў польскай адміністрацыі, у польскіх уладах, у польскіх дзяржаўных кампаніях, у істотных сектарах польскай дзяржавы могуць быць, калі сцісла, агенты. І гэта не тыя, хто ўвесь час гучна кажа, што яны прарасейскія ці антыўкраінскія».

Каментар
Як NATO адкажа на сабатаж расейскай выведкі ў Еўропе? Тлумачыць брытанскі эксперт у выведцы
2024.05.06 18:31

На думку суразмоўцы, вялікая колькасць напраўду небяспечных агентаў замежных дзяржаваў не афішуе прарасейскіх ці пралукашэнкаўскіх поглядаў, а спакойна функцыянуе – і менавіта таму яны небяспечныя.

Што сталася з мінулым гучным уцекачом

Кацэвіч нагадаў, што ў снежні 2021 года ў Беларусь з Польшчы ўцёк жаўнер Эміль Чэчка. Пра тое, што раней у Польшчы быў «аналагічны выпадак», згадваў і міністр замежных справаў краіны Радослаў Сікорскі.

Білборд з дэзерцірам Эмілем Чэчкам, усталяваны пасля ягонай смерці. Берасце, Беларусь. 30 ліпеня 2022 года.
Фота: Brestcity.by

Эміль Чэчка праходзіў вайсковую службу ў Польшчы, ахоўваў польска-беларускую мяжу, атрымаў шэсць месяцаў зняволення за збіццё маці, уцёк у Беларусь і пачаў распавядаць у беларускай дзяржаўнай прапагандзе страшныя гісторыі пра Польшчу – напрыклад, пра тое, як яго прымушалі забіваць мігрантаў.

17 сакавіка 2022 года Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што Чэчку знайшлі павешаным у Менску. Прапаганда працягнула карыстацца ім і пасля смерці: гэтак, на мяжы з Польшчаю паставілі білборд з партрэтам Чэчкі і словамі «Я маю чыстае сумленне, а ты?». А ў жніўні 2023 года ў Горадні далі ягонае імя вуліцы, на якой месціцца Генеральнае консульства Польшчы.

Hавiны
Польскі генерал расказаў, як змяняецца тактыка мігрантаў на мяжы з Беларуссю
2024.05.01 13:07

***

«Белсат» звяртаўся да Томаша Шмыта па каментар праз Telegram. На момант публікацыі Шмыт не адказаў, хоць прачытаў паведамленне.

Алесь Наваборскі belsat.eu