Палітычныя аналітыкі пра свае прагнозы за тры паслявыбарчыя гады: што збылося, а што – не?


Тры гады мінулі з пачатку паслявыбарчых пратэстаў 2020 года. За гэты час істотна змянілася як сама Беларусь, так і сітуацыя вакол яе. Увесь гэты час прагнозы, што рабіліся адносна будучыні краіны, карэктаваліся з улікам усё новых ды новых чыннікаў. Мы спыталі трох палітычных аналітыкаў, якія былі іхныя прагнозы цягам гэтага перыяду: што спраўдзілася, што не, а што стала для іх сапраўднай нечаканасцю?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 18 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат

Аляксандр Класкоўскі: Было прадчуванне вялікай трагедыі

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аналітык праекту «Позірк», прыгадаў, як улетку 2020 года было відаць нават няўзброеным вокам, што ідзе і нарастае нечуваная хваля палітычнай актыўнасці.

«Я тады прагназаваў, што пасля дня галасавання будуць масавыя палітычныя выступы і што Святлане Ціханоўскай і ейнай камандзе, гэтым штабам, гэтым людзям трэба думаць пра дзень галасавання і пра магчымую плошчу, а гэтага відавочна не было. Гэтыя палітычныя неафіты або не да канца ўсведамлялі, якую яны хвалю абудзілі, або проста баяліся браць на сябе адказнасць за гэтую немінучую плошчу, за вулічныя выступы. Я задаваў людзям з аб’яднанага штабу такія пытанні: а што вы будзеце рабіць з плошчай? І яны ці ўвогуле абыходзілі гэтае пытанне – ці адказвалі вельмі ўхіліста», – гаворыць наш суразмоўца.

«Таму было адчуванне, – працягвае Аляксандр Класкоўскі, – што калі людзі выйдуць на вуліцы, то гэта можа скончыцца разгромам, бо няма плану рэвалюцыі. І тыя, хто стаяў на чале гэтай трыумфальнай кампаніі, увогуле не ведалі, што рабіць далей. У сувязі з гэтым было прадчуванне вялікай драмы ці нават трагедыі, што абрынецца на Беларусь у выніку гэтых выбараў».

Таксама даволі хутка стала зразумела, кажа Аляксандр Класкоўскі, што шэсці раз на тыдзень не прывядуць да перамогі над рэжымам.

«Я пра гэта пісаў у сваіх матэрыялах, падкрэсліваў, што Ціханоўская і ейная каманда не паспяваюць за падзеямі і па-ранейшаму не маюць нейкага плану, як гэтую хвалю палітычнай актыўнасці людзей ператварыць у рэальную сілу, што можа зваліць рэжым. Таму я прагназаваў, у прынцыпе, што гэты мірны пратэст будзе здушаны, што наступіць хваля рэакцыі, але, шчыра кажучы, канечне, не ўяўляў, што рэпрэсіі будуць такімі маштабнымі і працяглымі. Так што ў гэтым плане Лукашэнка ўсіх здзівіў», – адзначае аналітык.

Таксама Аляксандр Класкоўскі гаворыць, што да пэўнага моманту яму здавалася малаімавернай шырокамаштабная вайна з Украінай. Было падобна, што Пуцін усё ж гуляе мускуламі і «бярэ на понт» Кіеў і Захад. «Не тое каб гэта стала поўнай нечаканасцю для мяне асабіста, – кажа аналітык, – але ўсё ж такі я схіляўся да думкі, што гэта страшылкі, а ў выніку аказалася, што Пуцін усё ж такі пайшоў на гэтую авантуру. Іншая рэч, што ён аказаўся ў гэтым плане чалавекам нерацыянальным: у выніку ніякага бліцкрыгу не атрымалася, ён сеў у лужыну са сваімі планамі. Але тое, што ён такім авантурным і адарваным ад рэальнасці акажацца, я думаю, мала хто з аналітыкаў прадбачыў».

Разважаючы пра тое, ці варта было пачынаць пратэсты ў 2020-м з улікам таго, што Беларусь у выніку прыйшла да большай залежнасці ад Расеі, Аляксандр Класкоўскі адказаў, што гэта не залежала ад волі асобных людзей ці ад волі нейкіх палітычных сілаў. Гэта, на ягоную думку, быў шмат у чым стыхійны працэс. «Сама Святлана Ціханоўская, я думаю, не ўяўляла недзе на пачатку гэтай выбарчай кампаніі ў траўні, што яна на фінішы стане нацыянальным лідарам. Калі казаць пра нейкія крамлёўскія сцэнары, а такая канспіралогія таксама мае месца, то мы ж бачым, што гэтыя крамлёўскія стратэгі два плюс два часам не могуць скласці, таму тое, што яны былі здольныя на такую складаную камбінацыю, таксама малаімаверна», – гаворыць Класкоўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэсты ля станцыі метро «Пушкінская». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

На ягоную думку, фактам застаецца тое, што спрацаваў шэраг чыннікаў, якія мелі кумулятыўны эфект і спарадзілі беспрэцэдэнтную хвалю палітычнай актыўнасці: сюды ён адносіць і ковід, і незразумелую пазіцыю Аляксандра Лукашэнкі, які адмаўляў небяспеку хваробы і зневажальна выказваўся пра памерлых, і палітыку мяккай беларусізацыі і лібералізацыі, што была да гэтага і нарадзіла розныя ініцыятывы і структуры трэцяга сектару, у выніку чаго беларусы пачалі адчуваць сябе беларусамі, грамадзянамі. Таму, кажа Аляксандр Класкоўскі, калі б у 2020-м не з’явіліся адныя лідары, то з’явіліся б іншыя.

«Хаця гэта і драматычная і трагічная для Беларусі сітуацыя, але, з іншага боку, калі так па-філасофску разважаць, то барацьба за свабоду заўжды звязаная з ахвярамі, нельга, проста седзячы ўдома, у інтэрнэце, пішучы лозунгі за свабоду, перамагчы такі жорсткі рэжым. Усё адно гэта вымагае выхаду на вуліцы, вымагае ахвяраў і рэдка абыходзіцца без крыві. Гэта – гісторыя, развіццё чалавецтва, яно заўжды праходзіць у барацьбе, у супярэчнасцях і суправаджаецца ахвярамі тых, хто хоча свабоды», – адзначыў наш суразмоўца.

Кажучы пра асноўныя вынікі для Беларусі за гэтыя тры гады, Аляксандр Класкоўскі падкрэсліў, што за гэты час адбыліся змены вельмі драматычныя і вельмі кепскія для Беларусі, «яе лёс і яе будучыня – у вялікай небяспецы».

«Рэжым стаў значна больш жорсткім, рэпрэсіўным, нашмат больш залежным ад Масквы, гэта амаль што фатальная залежнасць Лукашэнкі. І ён відавочна не можа з гэтай каляіны выскачыць, ён зрабіў стаўку на дручкі, на таталітарызацыю сваёй сістэмы і на тое, што ён абапіраецца на Крэмль. Гэта ўсё рэзка ўскладніла перспектывы пераменаў у Беларусі», – падкрэсліў аналітык.

На думку Класкоўскага, новая апазіцыя таксама «апынулася ў канцэптуальным крызісе», і ў гэтай сітуацыі можна казаць пра памылкі гэтых людзей, якія не паспявалі за падзеямі, але разам з тым, адзначае аналітык, ёсць тут і абставіны неадольнай сілы, бо за фазай рэвалюцыі непазбежна прыходзіць фаза контррэвалюцыі. І ў гэтай сітуацыі немагчыма прыдумаць нейкую цудадзейную стратэгію, што дазволіла б хутка зваліць рэжым.

У той жа час, кажа Аляксандр Класкоўскі, гэта не значыць, што не варта думаць над стратэгіяй будучыні Беларусі. «У кожным разе дэмакратычным сілам – і тым, хто апынуўся за мяжой, і тым, хто застаецца ў краіне – важна захаваць сябе, сваю баяздольнасць, цвёрдасць духу, таму што гэта вельмі спатрэбіцца ў нейкую гадзіну, калі адкрыецца вось гэтае акно пераменаў», – падсумаваў аналітык.

Аляксандр Фрыдман: жахлівы перыяд у гісторыі Беларусі

Гісторык і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман перад нашаю размоваю акрэсліў, што не з самага пачатку пільна сачыў за хадою перадвыбарчай кампаніі 2020 года. Цікаўнасць узнікла тады, калі з’явіліся кандыдатуры Аляксандра Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. Але ў яго, як і ў ягоных знаёмых, якія жылі ў Беларусі, было ўражанне, што ўсё скончыцца гэтак жа, як у 2006, у 2010 гадах: людзі выйдуць, будуць пратэставаць, гэта будзе жорстка задушана – і на гэтым усё скончыцца. Пасля чаго пачнецца жыццё, што было да гэтага.

«Калі 9-га адбылося тое, што адбылося, з усёй гэтай жорсткасцю, а 10-га ўсё пачало паўтарацца, тут ужо ў мяне склалася ўяўленне, што ў Беларусі сапраўды нешта выспела і падзеі пойдуць, верагодна, не паводле таго сцэнара, якога я чакаў. То бок гэтыя жнівеньскія падзеі былі для мяне сюрпрызам. Да сённяшняга дня я задаю сабе пытанне: яны сталі для мяне сюрпрызам, бо я, можа, не вельмі актыўна цікавіўся тым, што адбываецца? Або я таксама, як і іншыя, не мог сабе ўявіць, што ў Беларусі такое магчымае?» – кажа Аляксандр Фрыдман.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Партызанскі марш у Менску. На акцыю выйшлі дзясяткі тысяч асобаў і прайшліся па Партызанскім праспекце. На той момант пратэсты ў Беларусі ішлі ўжо 71 дзень. Менск, Беларусь. 18 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат

Наш суразмоўца адзначыў, што пасля 16 жніўня, калі бачыў неймаверныя карціны людзей, якія выйшлі на цэнтральныя вуліцы Менску, у яго быў момант пэўнай эйфарыі і з’явілася надзея, што гэтым разам у Беларусі нешта можа змяніцца. Гэтае адчуванне было ў яго недзе да пачатку кастрычніка. Пры гэтым, адзначае Аляксандр Фрыдман, спачуванне і жаданне таго, каб адбыліся перамены, вельмі моцна ўплывалі на ўзровень экспертызы, на магчымасць рабіць якасную аналітыку. Таму было таксама адчуванне, што ўся гэтая хваля не можа нікуды знікнуць «і ў Лукашэнкі не атрымаецца стабілізаваць гэтую сітуацыю».

Найвялікшай памылкай у сваім аналізе Аляксандр Фрыдман назваў «чыннік Расеі». «Бо сёння, з пазіцыі таго, што адбылося, – кажа наш суразмоўца, – з пазіцыі вайны ва Украіне, зразумела, што інакш яно і быць не магло. Але тады ўсё ж такі быў 2020 год і была пэўная надзея, звязаная з падзеямі ў Арменіі. У Арменіі ўлада змянілася – і Масква гэта фактычна прыняла. Сёння гэтыя параўнанні з Арменіяй выглядаюць цалкам недарэчна, але тады я таксама быў пад уплывам таго пункту гледжання, які панаваў на Захадзе, што Пуцін усё ж такі палітык рацыянальны і тое, што ў Беларусі адбывалася, асабліва нічога дрэннага для расейскіх інтарэсаў не несла… Я ўсё ж такі разлічваў, што погляд расейскі будзе іншы, што такога ўмяшання не будзе і што Лукашэнка не атрымае падтрымання. Але калі з сённяшняй перспектывы за гэтым назіраць, то гэта, канечне, выглядае наіўна».

Таксама Аляксандр Фрыдман адзначыў, што паколькі быў пад вялікім эмацыйным уплывам усіх падзеяў, то не выходзіў у публічную прастору з аналітыкай, хоць яго і запрашалі як у Беларусі, так і ў Нямеччыне. «Таму я пачаў займацца аналітыкай, напэўна, ужо ў той момант, калі было відавочна, што нейкіх сур’ёзных зменаў у Беларусі найбліжэйшым часам не будзе – гэта было недзе ў лістападзе або ўжо на пачатку зімы. Тут я мушу зноў жа самакрытычна сказаць, што ў мяне была надзея на тое, што вясной 2021 года будзе новая пратэсная хваля і што ўсё ж такі нешта ў Беларусі яшчэ можа зварушыцца. Калі ж я пабачыў, што гэтага не адбылося, а гэтага відавочна не адбылося, тут мае прагнозы змяніліся да горшага, і мне стала зразумела, што гэта надоўга, на працяглы час».

Аляксандр Фрыдман дадае, што ён не чакаў, што задушэнне грамадзянскай супольнасці будзе адбывацца настолькі бязлітасна. Толькі пазней прыйшло разуменне, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі абраў менавіта такую жорсткую траекторыю. Апошнія ілюзіі, кажа наш суразмоўца, зніклі ў 2021 годзе, прычым нават не з мігранцкім крызісам, а ў сувязі са справай Рамана Пратасевіча: «Пасля гэтага мне стала зразумела, што гэты рэжым гатовы на ўсё». А другой чырвонай лініяй Аляксандр Фрыдман лічыць суўдзел Беларусі ў вайне ва Украіне: «Стала зразумела, што гэты рэжым гатовы быць рэпрэсіўным не толькі ўнутры дзяржавы, але і гатовы выступаць у якасці суагрэсара».

Разважаючы, ці варта было выходзіць на пратэсты, з улікам таго, што сёння адбываецца з Беларуссю, Аляксандр Фрыдман адказаў, што лічыць разважанні пра гэта абсалютна недарэчнымі. «Яны ідуць з фальшывага пасылу, і людзі, якія так разважаюць, лічаць, што Лукашэнка і далей спрабаваў бы ісці нібыта цывілізаваным шляхам і праз пэўны момант пакінуў бы сваю пасаду – гэта, мне падаецца, не так. Проста канфлікт, што выліўся ў 2020 годзе, канфлікт грамадства, якое адчула ў другой палове 2010-х пэўную свабоду і прагнула яе яшчэ больш, з дыктатураю, якая хацела замацаваць свае пазіцыі, быў запраграмаваны. І калі б ён не выбухнуў у 2020 годзе, ён бы выбухнуў пазней. Без гэтага канфлікту проста не абышлося б. Гэта пытанне пра ролю асобы ў гісторыі: калі б не было Бабарыкі, Ціханоўскага і Цапкалы, напэўна, былі б іншыя фігуры, бо грамадства відавочна за гэтыя пяць-шэсць гадоў прайшло велізарны шлях. Гэта быў шок для Лукашэнкі. Таму ён і знішчае ўсе гэтыя парасткі грамадзянскай супольнасці ў надзеі, што гэтага не паўторыцца», – адзначае гісторык.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. На 8-ы дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі працягнуліся пратэсты. Масавыя акцыі прайшлі не толькі ў сталіцы, але і ў абсалютнай большасці беларускіх гарадоў. У Менску прайшоў самы масавы за ўсю найноўшую гісторыю мітынг — Агульнаграмадзянскі маршу за Свабоду. У ім узялі ўдзел, па розных падліках, ад 200 да 350 тысяч чалавек. Дэманстранты патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Гаворачы пра палітычныя вынікі для краіны за гэтыя тры гады, Аляксандр Фрыдман падкрэсліў, што, па-першае, беларусы ў 2020 годзе прадэманстравалі, што грамадзянская супольнасць у Беларусі нараджаецца, яна існуе. І што беларусы прагнуць свабоды, яны перараслі Лукашэнку.

Таксама, на думку нашага суразмоўцы, нягледзячы на тое, што дыктатура захавалася ва ўладзе з дапамогай Масквы, не трэба недаацэньваць і самога Лукашэнку. Ёсць пэўная частка беларускага грамадства, што па-ранейшаму на яго арыентуецца, ёсць наменклатура, якую ён выдатна падабраў. Яна вытрывала – і рэжым Лукашэнкі не пасыпаўся. Гэта значыць, што стабільнасць гэтага рэжыму прысутнічае.

Нарэшце, Аляксандр Фрыдман адзначыў, што гэты шлях у тры гады – жахлівы. З аднаго боку, лічыць гісторык, у 2020 годзе быў момант выбараў, надзеі, што Беларусь можа ператварыцца ў вольную дэмакратычную краіну, а з другога боку, яна за гэты час прайшла шлях да краіны з вагнэраўцамі, з расейскімі войскамі, што суўдзельнічае ў расейскай вайне супраць Украіны.

«Гэта жахлівы шлях, і гады з 2020-га да 2023-га – чорны перыяд у беларускай гісторыі. І самае горшае, – кажа Аляксандр Фрыдман, – што было б вельмі добра сёння разважаць пра тое, што гэты перыяд скончыўся і вось ёсць нейкія спадзяванні, пазітыўныя імпульсы, што дазваляюць з пэўным аптымізмам глядзець у будучыню. Але тут, калі сур’ёзна падысці, нейкіх такіх момантаў, канечне, няма. Калі цвяроза паглядзець на сітуацыю, то ёсць адчуванне, што гэтага так званага дна мы яшчэ не дасягнулі, што яшчэ падаць, падаць і падаць, ва ўсіх кірунках – палітычным, гуманітарным, эканамічным і іншых. Таму аптымізму, на жаль, на гэты момант амаль няма…»

«Але, з іншага боку, у гэтым ёсць і пазітыўная рыса, бо калі мы ўжо прагаворваем самыя дрэнныя сцэнары, рыхтуемся да самага дрэннага, то тое, што ў рэчаіснасці адбудзецца, можа быць толькі лепшым за тое, пра што мы разважаем», – падсумаваў Аляксандр Фрыдман.

Вадзім Мажэйка: 2020 год быў непазбежны

Каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка ў размове адзначыў, што не спраўдзіўся ягоны прагноз пра тое, што пратэсты 2020 года будзе немагчыма загнаць, як джына, назад у бутэльку.

«Сапраўды, пратэст быў беспрэцэдэнтным і для Беларусі, і не толькі для Беларусі. Бо існуе вось гэтая сусветная матэматыка пра тое, што калі 2,5–5 % насельніцтва выйшлі на вуліцу, то гэтага дастаткова для змены ўлады. На жаль, беларускі прыклад – адзін з тых, што паднавіў дадзеныя і сусветную паліталогію: не, нават калі такая колькасць людзей выйдзе, то перамога не гарантаваная. І гэта тое, што не спраўдзілася».

На такі прагноз, на думку нашага суразмоўцы, уплываў той чыннік, што «якім бы бесстароннім аналітыкам ты ні быў, усё адно ты застаешся чалавекам, беларусам, і ў 2020 годзе вельмі хацелася верыць, што сапраўды ўсё змянілася».

З другога боку, кажа Вадзім Мажэйка, спраўдзіўся ягоны прагноз, што пратэсты 2020 года незваротна змянілі Беларусь і беларускую нацыю. Так, пратэсты былі і раней, «але ніводзін з гэтых пратэстаў не меў такіх наступстваў, як у 2020 годзе, бо сапраўды зафіксаваліся змены беларускай нацыі, сапраўды тыя беларусы, якіх мы цяпер бачым за мяжой, – гэта ўжо зусім не тыя беларусы, якіх мы ведалі пяць гадоў таму. Гэта – людзі з годнасцю, са смеласцю, з моцнай ідэнтычнасцю, якія вучаць беларускую мову, цікавяцца гэтым. Людзі, якія дагэтуль выходзяць з бел-чырвона-белымі сцягамі з надпісамі сваіх маленькіх гарадоў ці раёнаў. Гэта ніяк не знікла, нават калі яны самі ў гэтых гарадах і раёнах не жывуць. Гэта сапраўды людзей змяніла».

«Тое, чаго я дакладна не чакаў, – кажа наш суразмоўца, – гэта, канечне, пачатку вайны. Бо гэта тое, што стала наймацнейшай зменай у нашым рэгіёне, у тым ліку і ў Беларусі. Так, мы ўсе пераацэньвалі расейскую рацыянальнасць, прынамсі ўсе прагнозы былі, што гэта будзе такая самазабойчая вайна для Расеі. Але, як мы бачым, гэта не зашкодзіла Расеі яе пачаць і яе весці. Адпаведна, мы не чакалі, якія будуць наступствы для Беларусі: што яна стане суагрэсарам, што ў палітыцы ўзнікне такі чыннік, як беларусы ў вайне».

Нягледзячы на тое, што ўвесь гэты кантэкст моцна мілітарызаваў беларусаў (у першым складзе Аб’яднанага пераходнага кабінету былі двое сілавікоў, з’явіліся людзі, якія ваююць за Украіну ў складзе палка Каліноўскага і іншых фармаванняў, дзеюць партызаны ўнутры Беларусі), яны пры гэтым усё адно «не схіляюцца да вайсковага развязання беларускай праблемы, як не схіляліся ў 2020 годзе, і фактычна гэты настрой захаваўся», адзначае наш суразмоўца.

На пытанне, ці варта было пачынаць пратэсты ў 2020 годзе, гледзячы на тое, куды прыйшла Беларусь сёння, Вадзім Мажэйка прапанаваў паглядзець з двух ракурсаў.

Першы ракурс – расейскі. «Калі сыходзіць з таго, што план Расеі напасці на Украіну быў не нейкім імгненным рашэннем, а нечым такім, да чаго Расея рыхтавалася, то выглядае, што ў 2020 годзе мы не маглі гэтага перадухіліць. І калі б у 2020 годзе адбыўся сілавы сцэнар, то Расея б не магла ўпусціць магчымасці захаваць беларускі плацдарм. І таму прысутнасць расейскіх сілавікоў, вагнэраўцаў адбылася б не ў 2022–2023 гадах, а ў 2020-м».

Таксама Вадзім Мажэйка адзначыў, што, на ягоную думку, «2020 год – гэта акурат тое найлепшае, што ў нас ёсць. Гэта вельмі добра дазваляе нам тлумачыць, чым беларусы адрозніваюцца ад расейцаў. Тым, што быў 2020 год, мы можам паказаць, што мы дакладна не падтрымлівалі рэжыму Лукашэнкі, ягоных дзеяў. Расейцы гэтым пахваліцца не могуць, расейская апазіцыя не можа прадэманстраваць, што ў іх ёсць ці было такое падтрыманне, як было ў беларускіх непрыяцеляў Лукашэнкі. І расейцы зайздросцяць».

Другі ракурс, што адзначыў Вадзім Мажэйка, – уласна беларускі: «Мне здаецца, ёсць рэчы, якія ў жыцці варта рабіць. Не таму, што табе гарантаваная перамога, увогуле ні ў якой рэвалюцыі перамога не гарантаваная, а зыходзячы са сваёй годнасці, свайго сумлення, таго, да чаго нацыя саспела. Пратэст 2020 года ў гэтым сэнсе быў цалкам лагічным элементам развіцця таго, што адбывалася ў Беларусі ўсе мінулыя гады – у вельмі розных сферах, пачынаючы ад беларусізацыі і заканчваючы развіццём IT-сектару і прыватнага сектару ўвогуле. У гэтым сэнсе ўвогуле немагчыма, каб не было 2020 года. Гэта не залежала ад волі аднаго чалавека, бо дакладна не Святлана Ціханоўская справакавала 2020 год, а наадварот, гэта 2020 год справакаваў тыя змены, што адбыліся ў жыцці Ціханоўскай. Таму 2020 год быў непазбежны і, безумоўна, ён быў да лепшага. Няхай рэвалюцыя не перамагла, але без яго не было б таго пазітыўнага, што ёсць цяпер», – адзначыў наш суразмоўца.

Марш Адзінства
Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Марш адзінства ў Менску. 6 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Гаворачы пра вынікі для Беларусі, Вадзім Мажэйка адзначыў, што 2020 год стаў «адным з вызначальных пунктаў фармавання беларускай грамадзянскай нацыянальнай ідэнтычнасці. Не толькі этнічнай нацыянальнай ідэнтычнасці, а менавіта грамадзянскай. І так, гэта тое, што пасля дакладна будзе ў падручніках гісторыі».

«Таксама ў кароткатэрміновай перспектыве 2020 год стаў зломам трэнду, – падкрэсліў каардынатар экспертнай сеткі «Наше мнение», – бо гэты натуральны працэс развіцця, выспявання, сталення нацыі быў зламаны праз калена і, на вялікі жаль, Беларусь страціла ў чымсьці дзесяцігоддзе, а штосьці страціла назаўжды». Да апошняга аналітык аднёс страту тых чалавечых рэсурсаў, якімі валодала Беларусь, бо, на ягоную думку, шмат хто ўжо не вернецца і не зробіць таго ўнёску ў эканамічнае развіццё краіны, што мог бы зрабіць.

Нарэшце, гэты перыяд стаў для рэжыму незваротным момантам, «калі ў Лукашэнкі была магчымасць пайсці з пасады і застацца, можа быць, спрэчнай, але збольшага нават пазітыўнай фігурай у беларускай гісторыі».

Акрамя таго, Вадзім Мажэйка падкрэсліў, што калі рэвалюцыя не перамагла ў кароткатэрміновай перспектыве, гэта не значыць, што вынікаў не было – «вынікі, безумоўна, ёсць».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў