Каардынацыйная рада паведаміла, што прыняла і апрацавала тры спісы кандыдатаў, у тым ліку ад Максіма Шабуцкага (спіс «Незалежныя беларусы») і Аляксандра Азарава («Закон і правапарадак»). Выбары ў Раду пачнуцца 25 траўня.
Максім Шабуцкі (лідар спісу «Незалежныя беларусы») і Аляксандр Азараў (лідар спісу «Закон і правапарадак») даслалі ўсе неабходныя дакументы, выканалі гендарныя і іншыя патрабаванні, атрымалі індывідуальныя ідэнтыфікацыйныя коды і перайшлі на этап верыфікацыі чальцоў спісаў.
Пры гэтым у лідара спісу «Салідарнасць» Георгія Дзмітрука выбарчая камісія Каардынацыйнай рады запрасіла ўдакладняючы дакумент.
Дакументы для ўдзелу ў выбарах у КР прымаюцца да 22 красавіка, лідару або лідарцы спісу належыць запоўніць адмысловую форму, а затым цягам 48 гадзінаў кожны прэтэндэнт з пераліку абавязаны пакінуць свае звесткі для верыфікацыі ў адпаведнай форме.
Выбары ў Каардынацыйную раду пачнуцца 25 траўня і працягнуцца трое содняў.
Кампанія пройдзе паводле прапарцыйнай сістэмы, то бок спісы, умоўна, партыі, будуць атрымліваць месцы ў Каардынацыйнай радзе прапарцыйна галасам, пададзеным за спісы кандыдатаў. Чым больш галасоў атрымае нейкі спіс, тым больш яго прадстаўнікоў трапяць у КР.
У аднаго выбарніка будзе толькі адзін голас, які можна аддаць за адзін спіс.
25 красавіка пачнецца агітацыя.
Сцяпан Кубік belsat.eu