news
Аналітыка

Вайна на чужой зямлі, злы Захад і касмапаліты. Што трэба ведаць пра новую Ваенную дактрыну

Дапускаецца ўдзел беларускага войска ва ўзброеных канфліктах па-за межамі Беларусі.
29.04.202407:00

Будучыню Беларусі Лукашэнка бачыць у няспыннай жорсткай канфрантацыі з Захадам аж да пагрозы адкрытага ўзброенага канфлікту і сталай барацьбе з іншадумцамі.  Гэта вынікае са зместу ўхваленых Усебеларускім народным сходам дакументаў. Чым новая Ваенная дактрына Беларусі адрозніваецца ад папярэдняй, як яна звязаная з абноўленаю Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі, разбіраўся belsat.eu. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Заключны этап камандна-штабнога вучэння з міратворчымі сіламі АДКБ «Непарушнае брацтва – 2020» у Віцебскай вобласці, Беларусь. 16 кастрычніка 2020 года.
Фота: БелТА

Дэманізацыя Захаду

Новая Ваенная дактрына Беларусі мае рэзка антызаходні характар. У дактрыне 2016 года пра калектыўны Захад, ЗША, NATO, Польшчу і краіны Балтыі ўвогуле не было ніводнай згадкі. Той дакумент быў сфармуляваны ў вельмі стрыманых і дыпламатычных выразах, што пакідала Беларусі вялікую прастору для манеўру. Напрыклад, тэзіс пра тое, што «геапалітычныя цэнтры» імкнуцца пашыраць свой уплыў за кошт інтарэсаў іншых дзяржаваў, можна было трактаваць амбівалентна: і як папрок Захаду, і як папрок Расеі.

У новай дактрыне ад такой шматвектарнасці не засталося і следу. Захад у гэтым дакуменце вінавацяць у агрэсіўнай палітыцы і намеры ўзяць пад кантроль «рэсурсы ўсёй планеты», што можа прывесці да развязвання сусветнай вайны «ў тым ліку з ужываннем зброі масавага знішчэння». NATO называецца «інструментам экспансіі», а на Захад ускладаецца адказнасць за вайну ва Украіне.

Аўтары дактрыны вінавацяць дзяржавы Усходняй Еўропы ў «павышанай агрэсіўнасці» і стварэнні ўмоваў для проксі-вайны супраць Беларусі. Польшчу вінавацяць у спробе змяніць канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь і прывесці да ўлады падкантрольныя Захаду палітычныя сілы. Зрабіць гэта нібыта плануецца або праз каляровую рэвалюцыю, або праз правакаванне ўнутранага ўзброенага канфлікту» з выкарыстаннем незаконных узброеных фармаванняў з ліку «радыкальна настроеных» беларусаў.

Гаворыцца ў дактрыне і пра пагрозу з боку нейкіх «транснацыянальных карпарацыяў і міжнародных фінансавых фондаў», якія нібыта могуць выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах прыватныя вайсковыя кампаніі.

Агляд
Вагнэраўцы ў Беларусі: колькі засталося і чым яны займаюцца?
2024.03.01 17:19

Міжнародны ўзброены канфлікт і ядравая зброя

Адначасова з гэтым новая Ваенная дактрына ўзмацняе прывязку Беларусі да Расеі. Ужо на першай старонцы дакументу гаворыцца, што Беларусь гатовая абараняць «агульныя інтарэсы» сваіх вайсковых саюзнікаў «з выкарыстаннем усіх сродкаў у распараджэнні дзяржавы».

Прынцыпова важна, што ў новай ваеннай дактрыне дапускаецца ўдзел беларускага войска ва ўзброеных канфліктах па-за межамі тэрыторыі Беларусі.

«Выконваючы ўзятыя на сябе саюзніцкія абавязкі, Рэспубліка Беларусь не бярэ ўдзелу ў ваеннай агрэсіі, але прызнае магчымасць удзелу ў міжнародным узброеным канфлікце па-за межамі сваёй тэрыторыі ў межах запэўнівання калектыўнай бяспекі і дзейнасці для падтрымання міжнароднага міру і бяспекі», – гаворыцца ў артыкуле 37.

У абноўленай дактрыне нават уводзіцца новы панятак – «кааліцыйная вайна». Яна ў тым ліку можа стацца вынікам агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы і краінаў АДКБ з боку «геапалітычных цэнтраў сілы».

Выкарыстанню ўзброеных сілаў у межах саюзніцкіх пагадненняў увогуле адвялі асобны раздзел. Пры гэтым нельга сказаць, каб Беларусь узяла на сябе нейкія новыя абавязкі: насамрэч у дактрыну проста перанеслі фармулёўкі, даўно замацаваныя на ўзроўні адпаведных міжнародных пагадненняў у межах Саюзнай дзяржавы або АДКБ. Гэтак, у пункце 20 супольнай ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы гаворыцца, што «дзяржавы-ўдзельніцы разглядаюць любыя дзеянні з выкарыстаннем ваеннай сілы, скіраваныя супраць любой з дзяржаваў-удзельніц, як замах на Саюзную дзяржаву ў цэлым і будуць рабіць адпаведныя захады ў адказ з выкарыстаннем усіх сілаў і сродкаў у іх распараджэнні». Абсалютна тая ж фармулёўка цяпер змяшчаецца ў артыкуле 90 нацыянальнай дактрыны.

Але ўвага да ўзаемадзеяння з саюзнікамі ў новым дакуменце сапраўды значна павялічылася. Да ваенных выклікаў цяпер аднесены, напрыклад, унутраны ўзброены канфлікт на тэрыторыі краіны-саюзніка і выхад з агульнага вайскова-палітычнага блоку аднаго з сябраў арганізацыі (гэтаму пункту адпавядае выхад Арменіі з АДКБ).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні Калектыўных сілаў АДКБ «Узаемадзеянне-2022», «Пошук-2022», «Эшалон-2022» у Казахстане. 3–10 кастрычніка 2022 года.
Фота: odkb-csto.org

Размяшчэнне расейскай ядравай зброі ў Беларусі цяпер замацаванае на ўзроўні Ваеннай дактрыны і называецца «важным складнікам прэвентыўнага стрымлівання патэнцыйных праціўнікаў ад развязвання ўзброенай агрэсіі». Пра парадак і ўмовы яе выкарыстання нічога не гаворыцца. Цікава, што ў дакуменце пакінулі адназначную фармулёўку: «ядравая зброя Расейскай Федэрацыі». То бок няма намёкаў на тое, што Беларусь неяк можа распараджацца ядравымі боегалоўкамі ці хаця б уплываць на іх выкарыстанне.

Каментар
Якая ядравая зброя ёсць у Лукашэнкі? Эксперт тлумачыць: ніякай і быць не можа
2024.04.26 13:37

Барацьба з ідэямі

Яшчэ адна адметнасць новай Ваеннай дактрыны – скіраванасць на пошук унутраных ворагаў.

Каб зразумець, наколькі радыкалізавалася ўнутраная палітыка афіцыйнага Менску з 2016 года, дастаткова паглядзець, як змянілася 4-ы раздзел дактрыны, дзе тлумачыцца, што ёсць крыніцаю ваеннай небяспекі для Беларусі. Восем гадоў таму на апісанне ўнутраных пагрозаў і рызык адводзілася прыкладна паўстаронкі тэксту, цяпер – амаль дзве старонкі.

У прыватнасці да ваенных рызык, выклікаў або пагрозаў аднесеныя:

  • «прапаганда ідэяў, распрацоўванне планаў для змены дзейнай улады ў Рэспубліцы Беларусь з выкарыстаннем сродкаў узброенай барацьбы»;
  • «распаўсюд ідэяў касмапалітызму, апатрыдызму і іншых, якія вядуць да адмовы ад традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў і арыенціраў»;
  • «агітацыя, якая падрывае давер насельніцтва Рэспублікі Беларусь да вайскова-палітычнага кіраўніцтва дзяржавы і іх рашэнняў»;
  • «перарастанне варожасці паводле ідэйна-палітычных перакананняў» у масавыя закалоты;
  • масавае ўхіленне беларусаў ад службы ў войску;
  • гвалтоўная гібель Аляксандра Лукашэнкі.

Значная частка вонкавых ваенных рызык, выклікаў і пагрозаў таксама звязаная з сітуацыяй у Беларусі.

«У выніку інспіраванай звонку дзейнасці тэрарыстычных і экстрэмісцкіх арганізацыяў для дэстабілізацыі абстаноўкі і абвастрэння ўнутрыпалітычных супярэчнасцяў, парушэння нацыянальнага адзінства ў Рэспубліцы Беларусь на яе тэрыторыі можа быць развязаны нутраны ўзброены канфлікт у мэтах гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу і (або) тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы», – зазначаецца ў пятым раздзеле. Увогуле ў дакуменце шмат гаворыцца пра стварэнне і фінансаванне ўзброеных фармаванняў з ліку беларусаў, якія могуць быць выкарыстаныя для сілавой змены ўлады ў краіне.

У артыкуле 60 наўпрост гаворыцца пра магчымасць ужывання вайсковай сілы ў мірны час для перадухілення «дэстабілізацыі абстаноўкі ў Рэспублікі Беларусь у межах антыкрызіснага рэагавання», а таксама «падтрымання асаблівых прававых рэжымаў функцыянавання дзяржавы».

Hавiны
У Менску завялі больш за 2,5 тысячы крымінальных спраў за «экстрэмізм» за год
2024.02.11 19:31

«Экстрэмізм у любых праявах»

Яшчэ да таго як Ваенную дактрыну прынялі, у Міністэрстве абароны абяцалі, што яна будзе шчыльна звязаная з абноўленаю Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі (КНБ). Праект новай КНБ з’явіўся амаль год таму, і «Белсат» тады падрабязна яго разбіраў. Выніковы варыянт дакументу прынцыпова не адрозніваецца ад папярэдняга.

Агульны кірунак зменаў і Ваеннай дактрыны, і КНБ прыкладна аднолькавы. Калі ранейшая КНБ мела адносна ўніверсальны характар, то новая КНБ адлюстроўвае цяперашнія масавыя рэпрэсіі, моцную залежнасці ад РФ і суўдзел у агрэсіі супраць Украіны.

Дзень Волі, День Воли, БНР-106, беларусы, Літва, Литва
Здымак мае ілюстрацыйны характар. У Вільні адсвяткавалі Дзень Волі. Увечары адбыўся мітынг на Лукішскім пляцы, дзе быў выкананы гімн БНР. На мітынгу сабраліся некалькі соцень асобаў. Вільня, Літва. 25 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Напрыклад, пагрозаю нацыянальнай бяспекі будуць лічыцца дзеянні, «скіраваныя на дыскрэдытацыю або зрыў электаральных кампаніяў», а таксама «непаважлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў, выкарыстанне экстрэмісцкай сімволікі і атрыбутыкі». У новай версіі КНБ гаворка вядзецца аб «праявах экстрэмізму ў любых яго формах» («экстрэмізм» – эўфемізм для пратэставай дзейнасці ды іншадумства), ёсць згадкі пра стварэнне за мяжою «недзяржаўных узброеных фармаванняў». Спіс крыніцаў пагрозаў месціць выкарыстанне «інструментаў мяккай сілы» для ўплыву на Беларусь, «дыскрэдытацыю» і «злоўжыванне асобнымі дзяржавамі або групамі дзяржаваў мандатамі ды механізмамі міжнародных арганізацыяў для аказання ціску на Рэспубліку Беларусь».

Сярод іншага, нейтралізаваць нутраныя крыніцы пагрозы прапануецца пры дапамозе ўзмацнення ролі дзяржавы, удасканалення сістэмы «контратэрарыстычнай і антыэкстрэмісцкай дзейнасці» і супрацьдзеяння «дэструктыўнаму інфармацыйнаму ўздзеянню». Таксама падкрэсліваецца важнасць ідэалагічнага выхавання моладзі і бесперапыннага маніторынгу стану даверу грамадзянаў.

Нейтралізаваць вонкавыя пагрозы прапануецца ў тым ліку шляхам умацавання Саюзнай дзяржавы, захавання «традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцяў» і абароны грамадства ад «нетрадыцыйнай ідэйнай і каштоўнаснай экспансіі».

Люстэрка курсу Лукашэнкі

Такім чынам, Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і асабліва Ваенная дактрына фіксуюць асноўныя ідэалагічныя наратывы рэжыму Лукашэнкі на цяперашнім этапе яго развіцця: вернасць Маскве, дэманізацыя Захаду і няспынны пошук нутраных ворагаў.

З гэтых стратэгічных дакументаў можна зрабіць выснову, што насамрэч Лукашэнка больш за ўсё баіцца не агрэсіі NATO, а рэвалюцыі, паўстання і сілавой змены ўлады ў Беларусі. У Ваеннай дактрыне вельмі шмат згадак пра нейкія антыўрадавыя беларускія ўзброеныя фармаванні, якія ствараюцца па-за межамі Беларусі. Мяркуючы з усяго, цяпер улады разглядаюць добраахвотнікаў з палка Каліноўскага і парамілітарныя фармаванні накшталт Паспалітага рушэння як галоўную пагрозу для сябе.

Некаторыя палажэнні Ваеннай дактрыны не выклікаюць нічога, акрамя здзіўлення. Што, напрыклад, маецца на ўвазе пад распаўсюдам ідэяў касмапалітызму і апатрыдызму? Да чаго тут «транснацыянальныя карпарацыі»? Часам гэта больш падобна на вытрымкі з нейкай тэорыі змовы, чымся на сур’ёзны дзяржаўны дакумент.

Аднак менавіта гэтыя тэзісы мусяць вызначаць палітыку Беларусі ў сферы бяспекі. Ваенная дактрына і КНБ – дакументы, якія апрыёры маюць бестэрміновы характар, яны могуць дзеяць дзесяцігоддзямі. То бок менавіта гэтак Лукашэнка бачыць будучыню Беларусі: у няспыннай жорсткай канфрантацыі з Захадам аж да пагрозы адкрытага ўзброенага канфлікту і сталай барацьбе з іншадумцамі, на якіх будуць навешвацца прапагандысцкія цэтлікі ў дыяпазоне ад «экстрэмістаў» да «касмапалітаў».

Аб’ектыў
Лукашэнка баіцца беларусаў?
2024.04.25 20:29

Глеб Нержын belsat.eu