«ATACMS» прыбылі ва Украіну


На спадарожнікавых здымках у фармаце «да» і «пасля» – стан часткі расейскага вайсковага аэрадрому ў акупаваным Бярдзянску 15 і 17 кастрычніку адпаведна. На апошнім здымку – пяць чорных плямаў на месцах ранейшай імавернай стаянкі верталётаў. Гэта вынік першага выкарыстання Збройнымі сіламі Украіны амерыканскіх балістычных ракетаў «Атакамс». Аднак карціна пакуль няпоўная.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мяркуючы паводле ролікаў відавочцаў, там былі пажары: там выбухалі склады з боепрыпасамі. Павінна быць больш розных слядоў і розных пашкоджанняў. Наколькі я памятаю, украінскі бок паведамляў пра 9 знішчаных верталётаў. Гэта цалкам магчыма. Улічваючы таксама той ажыятаж і тыя панічныя пасты расейскіх Z-ваенкараў», – мяркуе ваенны аналітык Ян Матвееў.

«Атакамс» – тактычная балістычная ракета класу «зямля – зямля».

Здольная развіваць хуткасць да 3700 кіламетраў за гадзіну. У залежнасці ад мадыфікацыі б’е на адлегласць ад 140 да 300 кіламетраў. Магчымае адхіленне ад цэлі, заяўленае распрацоўнікам, складае максімум 10 метраў. Касетная баявая частка можа ўтрымліваць да 950 баявых ці да 13 саманаводных элементаў. Пускавымі платформамі для «Атакамс» могуць быць рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Гаймарс» і М270, што зарэкамендавалі сябе на ўкраінскім фронце.

Паводле выдання «Нью-Ёрк Таймз», у першай партыі ЗША перадалі Украіне 20 ракетаў «Атакамс» з далёкасцю палёту да 160 км. Іх касетная баявая частка эфектыўная пры разлёце аскепкаў на аэрадромах супраць лёгкай браніраванай тэхнікі, але не толькі:

«Яны патрэбныя для знішчэння вялікіх плошчаў у размяшчэнні вайсковых абʼектаў расейцаў. Гэта датычыць і Крыму. У Крыме больш за 150 стацыянарных вайсковых абʼектаў. Іх лепш накрываць адной-дзвюма ракетамі і пакрываць усю плошчу. Таксама датычыць і акупаванай тэрыторыі Украіны мацерыковай. Гэта трасы з Растова на Мэлітопаль», – кажа палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан.

Пуцін ужо паабяцаў збіваць гэтыя ракеты. Аднак ранейшыя факты паспяховых дронавых і ракетных атакаў ЗСУ на расейскія вайсковыя ды інфраструктурныя абʼекты сведчаць пра адваротнае. Адзін з самых гучных поспехаў – знішчэнне штабу расейскага Чарнаморскага флоту ў Крыме брытанскімі «Сторм Шэдоў». «Атакамсы» ж збіць яшчэ складаней, бо ляцяць яны паводле балістычнай траекторыі, якая можа змяняцца на апошняй стадыі падлёту да цэлі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Запуск аператыўна-тактычнай ракеты MGM-140 ATACMS з пускавой сістэмы M142 HIMARS.
Фота: U.S. Marine Corps

Для таго каб кардынальна пераламаць сітуацыю на фронце, патрэбныя сотні «Атакамсаў» розных мадыфікацыяў, упэўненыя нашыя суразмоўцы. Аднак і першая партыя з 20 ракетаў можа ўнесці сурʼёзныя карэктывы ў лагістыку расейскіх войскаў.

«Нават нягледзячы на невялікую колькасць гэтых ракетаў, яны цяпер разумеюць: атрыманая інфармацыя можа забяспечыць знішчэнне эшалону або якога-небудзь штабу на адлегласці да 160 кіламетраў. Адцягванне гэтага ўсяго ад фронту забяспечыць вельмі сурʼёзную перавагу ўкраінскай арміі», – кажа генерал-маёр запасу СБУ Віктар Ягун.

Перададзеныя Украіне «Атакамсы» могуць накрыць і вайсковыя абʼекты ў Беларусі. Напрыклад, аэрадром у Баранавічах, дзе ў тым ліку базуецца расейская авіяцыя. Калі ж Украіне перададуць «Атакамсы», здольныя біць на трыста кіламетраў, то ў патэнцыйнай зоне паражэння каля трох чвэрцяў тэрыторыі нашай краіны. Гэта можа быць дадатковым фактарам, які дапаможа стрымаць рэжым Лукашэнкі ад адкрытага ўмяшання ва ўкраінскі канфлікт.

«Той жа “Атакамс” з фугаснай часткай (ды нават і з касетнай часткай) здольны знішчаць пускавую сістэму таго ж “Іскандэра”, якім з Беларусі і запускалі ракеты», – сцвярджае ваенны аналітык Ян Матвееў.

Паводле вынікаў сустрэчы ў фармаце «Рамштайн», што прайшла на мінулым тыдні, акрамя «Атакамс» Украіна атрымае дадатковыя танкі і сродкі супрацьпаветранай абароны, зімовы рыштунак, абсталяванне для размінавання, артылерыю і самалёты Ф-16.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»