news
Рэпартаж

Сахашчык, Пракопʼеў і Ягораў абʼядналіся і паехалі па дыяспарах. Пра што кажуць?

Пра цэнтр сілы, падсправаздачнасць апазіцыі і наступныя выбары ў Каардынацыйную раду.
04.11.202312:37

«Міністр абароны» Пераходнага кабінету, спікер Каардынацыйнай рады і грамадскі дзеяч ладзяць тур сустрэчаў з беларусамі замежжа. «Белсат» пераказвае, пра што яны казалі на сустрэчы ў Варшаве 3 лістапада: пра цэнтр сілы, падсправаздачнасць апазіцыі і наступныя выбары ў Каардынацыйную раду.

Сахашчык, Пракоп’еў, Ягораў
Злева направа: прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык, актыаіст Вадзім Пракопʼеў і спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў на сустрэчы з беларусамі ў Варшаве, Польшча. 3 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык, спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў і Вадзім Пракопʼеў, якога цяпер прадстаўляюць як грамадскага дзеяча, палітычнага актывіста і прадпрымальніка, выправіліся ў тур па польскіх гарадах, каб сустрэцца з актывістамі дыяспары. На сустрэчах ва Вроцлаве і ў Познані не ўдалося сабраць поўны анансаваны склад выступоўцаў, але ўсе тры сабраліся ў варшаўскім «Музеі вольнай Беларусі». 5 лістапада яны плануюць сустрэцца з беларусамі Берліну.

Што казаў Пракоп’еў

Пракоп’еў пачаў выступ з аповеду пра тое, што кожную раніцу прачынаецца з думкай: як перамагчы хутчэй? Маўляў, як перамагчы павольна, вядома і так: расціць узровень палітычнай культуры, вучыць беларускую мову, а там «будзе шчаўчок» – і прыйдзе свабода, толькі на двары будзе 2050 год.

Сахашчык і Пракоп’еў
Валерый Сахашчык (злева) і Вадзім Пракоп’еў (справа) на сустрэчы з беларусамі ў Варшаве, Польшча. 3 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

Украіна, перакананы ён, выбрала сабе «танцавальным партнёрам» Аляксандра Лукашэнку, бо не пабачыла лідарства ў беларускай апазіцыі. З Лукашэнкам «адбылася падпольная ўгода» – праз вайну ва Украіне, упэўнены ён, кароткі шлях да беларускай перамогі знік. Цяпер Пракоп’еў бачыць чатыры «вакна магчымасцяў» для Беларусі: перамовы Расеі і Украіны (дзе трэба «сядзець за сталом», каб не «аказацца ў меню»), наступныя прэзідэнцкія выбары, турбулентны перыяд па магчымай смерці Лукашэнкі, прыход новых элітаў у Крамлі (нават калі гэта будуць «людажэры»).

Каб трапіць у любое з гэтых вокнаў, кажа ён, патрэбныя палітычны цэнтр сілы, саюзнікі (якіх цяпер, на ягоную думку, няма) і «незалежныя» грошы (не з замежных грантаў). А мінулыя «стрэс-тэсты», як то загадкавае знікненне Лукашэнкі пасля паездкі ў Маскву на Дзень перамогі і мяцеж баевікоў групы Вагнэра, Пракоп’еву паказалі, што тых трох неабходных рэчаў няма.

Пракоп’еў прапанаваў аб’яднаць беларускую дыяспару ў «мафію ў добрым сэнсе», фінансава празрыстую арганізацыю-карпарацыю з самакіраваннем і выбарамі. Ён аштурхаецца ад мінімальнай лічбы ў 350 тысяч беларускіх эмігрантаў – такую лічбу называў нядаўна намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў.

Што казаў Сахашчык

Валерый Сахашчык прызнаўся, што за некалькі гадзінаў у машыне яны з Пракоп’евым прыйшлі да прыблізна адных і тых жа думак. Сахашчык прызнаў, што яго самога не задавальняе свая праца – і ён сумняецца, што кагосьці задавальняе праца праціўнікаў Лукашэнкі, якія не маюць належных рэсурсаў, каб адэкватна адрэагаваць на «краш-тэсты», згаданыя Пракоп’евым. І Крэмль, і атачэнне Лукашэнкі, маюць планы і рэсурсы, а іхныя беларускія праціўнікі – не.

Сахашчык
Валерый Сахашчык на сустрэчы з беларусамі ў Варшаве, Польшча. 3 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

Паводле Сахашчыка «на тым баку», у вайсковай эліце, бізнес-эліце і сярод чыноўнікаў Беларусі не відаць аптымізму і веры ў тое, што ў Лукашэнкі ёсць план. А пры тым ён на мінулых сустрэчах з беларусамі адчуў, што патэнцыял і жаданне сярод дыяспары ёсць. Гэты патэнцыял ён і заклікаў «уключыць», а таксама прааналізаваць мінулую дзейнасць праціўнікаў Лукашэнкі – зладзіць аўдыт і скласці план працы над памылкамі.

Сахашчык сярод іншага расказаў, што звяртаўся да трох міністраў абароны еўрапейскіх краінаў з просьбай дазволіць стварыць нацыянальнае ўзброенае фармаванне беларусаў за мяжою. Паводле Сахашчыка, «дасягнулі паразумення», але станоўчага рашэння яшчэ не было. Але пакуль, адзначыў ён, вызваленне Беларусі чыста сілавым кампанентам цяпер немагчымае, пры любым рэальным сцэнары прыйдзецца ісці да грамадскай згоды – не «вешаць на слупах» зусім кожнага, хто працаваў на рэжым, але і не дараваць цяжкіх злачынстваў.

Пра што казаў Ягораў

Андрэй Ягораў згадаў, што ягонай дачцэ 5 гадоў – яна ўжо не памятае, што такое Беларусь, а толькі марыць пра гэтую «краіну з аднарогамі». Ён сказаў, што хоча вярнуць сабе тую краіну. Ён пагадзіўся з тым, што казалі мінулыя выступоўцы, і заклікаў прымаць непрывабную рэальнасць.

Ягораў
Андрэй Ягораў на сустрэчы з беларусамі ў Варшаве, Польшча. 3 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

Палітычны крызіс у Беларусі завершаны, абвясціў Ягораў. Дзейная ўлада ў Беларусі кантралюе краіну, але гэта не значыць, што змяніць сітуацыю нельга. Рэгіён, у які ўваходзіць Беларусь, у «гістарычнай рэвалюцыі»: распаўся Савецкі Саюз і распадаецца Расейская Федэрацыя, перакананы Ягораў. Вялікая гістарычная рэвалюцыя не скончаная, таму ў Беларусі яшчэ будуць «вокны магчымасці». Але без суб’екту і цэнтру сілы «вокны» застануцца адчыненымі ні для каго.

Ён ускладвае надзею на наступныя выбары ў Каардынацыйную раду. Яны мусяць стаць альтэрнатывай выбарам, якія ў Беларусі ладзіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Каардынацыйная рада можа быць і пляцоўкай палітычнай барацьбы ўнутры дэмакратычных сілаў, вынікі якой зафіксуюцца выбарамі. І выбары пакажуць рэжыму Лукашэнкі, што «мы злыя» і «не паміраем», упэўнены дзейны спікер Рады. Цяпер Каардынацыйная рада не каардынуе дзеянні актывістаў якраз таму, што там прадстаўленыя не ўсе, гатовыя нешта рабіць, лічыць Ягораў.

***

Пасля выступаў Сахашчык, Пракоп’еў і Ягораў адказвалі на пытанні з залы. Пыталі пра вызваленне палітвязняў, пра дзейнасць Каардынацыйнай рады і спрэчкі ў ёй, пра справаздачнасць дэмакратычных сілаў, пра лёс палка «Пагоня» (які, па словах Пракоп’ева, проста выселілі з казармаў у межах дамоваў Менску і Кіеву, а байцы разышліся па іншых брыгадах).

Незадоўга да варшаўскай сустрэчы сябра Каардынацыйнай рады Аляксандр Кныровіч выказваў на «Еўрарадыё» згадагку: Сахашчык, Пракоп’еў і Ягораў выправіліся ў «перадвыбарчы тур», прымеркаваны да будучых выбараў у Каардынацыйную раду. На сустрэчы тры выступоўцы не прадстаўлялі так свой тур і не казалі, ці будуць балатавацца.

Ягораў пераконвае «Белсат», што гэта рана называць «перадвыбарчай кампаніяй», бо выбары ў Каардынацыйную раду яшчэ не прызначылі, а сабраліся разам выступіць праз блізкія погляды і супадзенне галоўных ідэяў.

Чарговыя выбары ў Каардынацыйную раду маюць прайсці прыблізна праз тры месяцы. На момант публікацыі Каардынацыйная рада яшчэ разглядае канцэпцыі таго, як такія выбары правесці.

Hавiны
Я быў на слуханнях Каардынацыйнай рады і на канферэнцыі «Новая Беларусь». Вось што я пра гэта думаю
2023.08.07 19:38

Алесь Наваборскі belsat.eu