Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка распавёў на старонках польскага выдання Wyborcza.pl пра сваё бачанне вызвалення журналіста Анджэя Пачобута і іншых беларускіх палітвязняў.
Паводле Паўла Латушкі, самаабвешчаны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка «разумее толькі адну мову – мову рашучасці і сілы», «мову яшчэ большага ціску».
Палітык адзначыў, што Лукашэнка не баіцца плоту на мяжы і закрытых памежных пераходаў, бо гэта перашкаджае толькі мігрантам і звычайным беларусам. Дый агулам закрытыя межы – «мара кожнага дыктатара».
Не баіцца ён і «гандлёвых санкцыяў і абмежавальных паўсродкаў, бо маюць яны абмежаваны характар».
Пры гэтым Латушка прапанаваў свой варыянт – «адказаць на ціск Лукашэнкі яшчэ большым ціскам, падключаючы Кітай да развязання праблемы з Лукашэнкам – цалкам абразаючы таварныя зносіны з Беларуссю, у тым ліку чыгуначныя».
Нагадаем, што 31 сакавіка 2023 года падчас звароту да беларускага народу і Нацыянальнага сходу Лукашэнка прапанаваў абмяняць журналіста-палітвязня Анджэя Пачобута на Латушку і чальцоў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
«Ад свайго імя і ад імя мужчынскай часткі каманды НАУ – мы згодныя на абмен, але ў нас свая прапанова. Мы гатовыя правесці абмен Паўла Латушкі і мужчынскай часткі каманды НАУ на ўсіх палітзняволеных у Беларусі», – заявіў Латушка.
Больш да сваёй прапановы Лукашэнка не звяртаўся.
15 красавіка ў Варшаве прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда сустрэўся ў прэзідэнцкім палацы з лідарамі Саюзу палякаў у Беларусі: Анджэлікай Борыс і Марэкам Занеўскім. Падчас сустрэчы Борыс паведаміла пра спатканне з палітзняволеным Пачобутам у наваполацкай калоніі, дзе цяпер адбывае тэрмін журналіст. Адбылося спатканне з асабістай згоды Лукашэнкі, але ніякіх акалічнасцяў і падрабязнасцяў не агучваецца.
На думку аналітыка Аляксандра Класкоўскага, выглядае на тое, што зараз адбываецца нейкі закулісны працэс, перамовы ў справе вызвалення Пачобута на найвышэйшых узроўнях.
Якуб Хруст belsat.eu