Менская пракуратура прызнала экстрэмісцкімі матэрыяламі два вершы Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча і прадмову да зборніка з творамі беларускага класіка, напісаную Язэпам Янушкевічам.
«Па заяве пракуратуры гораду Менску інфармацыйная прадукцыя ў выглядзе прадмовы Язэпа Янушкевіча да кнігі, а таксама тэксты твораў «Плывуць вятры», «Гутарка старога дзеда», што прыпісваюцца В. Дуніну-Марцінкевічу і ўключаныя ў заключную частку пад назвай «DUBIA» серыі «Беларускі кнігазбор» Выбраныя творы / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі», – гаворыцца ў паведамленні службы інфармацыі пракуратуры гораду Менску.
Вершы «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда» былі напісаныя класікам беларускай літаратуры ў час паўстання Кастуся Каліноўскага 1863 года, удзельнікі якога змагаліся з расейскімі царскімі ўладамі.
«Гутарка старога дзеда» пачынаецца такімі словамі, напісанымі беларускай лацінкай:
Ej, skażycie, dobry ludzi!
Szto heta na świecie budzie?
Czy Boh nie zmiłujetsia nad nami
I daść pahinuć pad Maskalami?
Дунін-Марцінкевіч абвінавачваўся расейскім урадам у тым, што распаўсюджваў шкодныя ідэі сярод сялянаў падчас паўстання, а таксама займаўся «абуральнымі сачыненнямі на простанароднай мове». За гэта ў 1864 годзе ён быў пасаджаны на некалькі месяцаў у менскую турму, а пазней заставаўся пад строгім наглядам паліцыі.
Раман Шавель belsat.eu