Амаль $ 3 млн здолела сабраць кампанія ByHelp на дапамогу людзям, якія сёлета сталі ахвярамі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Мы разбіраліся, хто можа прасіць пра гэта і колькі часу давядзецца чакаць.
За 65 дзён з моманту свайго старту кампанія ByHelp сабрала ў Facebook $ 2 870 696 ад 68341 ахвярадаўцаў. На Facebook кампанія завяршылася, але яна працягваецца на PayPal: пералічыць сродкі можна спасылцы bit.ly/byhelppaypal.
Паводле стану на 28 жніўня, ByHelp выдаткавала BYN 422 697 на выплату 217 штрафаў, аплату 24 кампенсацыяў за знаходжанне пад арыштам і 62 дапамогі на медычную дапамогу.
Як адзначыў у каментары belsat.eu кіраўнік кампаніі Аляксей Лявончык, звярнуцца па кампенсацыю можа любы чалавек, які атрымаў штраф з канца траўня, калі «пачаліся зачысткі перад выбарамі». Таксама кампанія гатовая падтрымаць тых, хто фізічна пацярпеў ад дзеянняў сілавікоў, пачынаючы з 9 жніўня. Апроч таго, па дапамогу можа звярнуцца той, каму патрэбная дапамога адвакатаў.
Каб разлічваць на дапамогу, той, каго аштрафавалі, павінен падаць рэквізіты для аплаты і пастанову пра штраф. У ёй павінны быць адпаведныя дата (прыкладна пасля 20 траўня) і артыкул КаАП.
«Калі чалавек сам заплаціў штраф, мы можам яму гэта вярнуць пры ўмове, што ён давядзе, што гэта ён аплаціў. Бо шмат хто просіць вярнуць на чужы рахунак, і тут мы просім, каб чалавек давёў квіточкамі, што гэта ён заплаціў штраф. Мы можам без праблем вярнуць на любы ўказаны рахунак», – распавёў Лявончык.
Калі чалавек быў паранены, доказамі могуць фота- і відэаматэрыялы, сведчанні валанцёраў, дыягназы са шпіталёў.
«Чалавек можа заказаць вяртанне на абсалютна любы рахунак. Але бывае, што за кагосьці робіцца падача. Тут нашы валанцёры звязваюцца і ўдакладняюць ступень сваяцтва. А так мы не вымагаем нейкай дакладнай колькасці дакументаў», – адзначыў суразмоўца.
Паводле яго, у выпадку аплаты выдаткаў на адвакатаў патрэбныя або рахунак адваката, або квітанцыя аб аплаце з рахункам адваката.
Не атрымаюць дапамогі тыя, хто быў аштрафаваны да траўня 2020 года (але і некаторыя такія выпадкі могуць разгледзець у ByHelp). Таксама выплаты не будзе і тым, хто абсалютна не мае якіхсьці доказаў таго, што ён пацярпеў ад дзеянняў сілавікоў, а «ягоная гісторыя не б’ецца».
«Мы можам прыняць вусныя сведчанні, але калі няма ніякіх падрабязнасцяў, мы можам адмовіцца. У нас не было прыкладаў адмовы, апроч таго, калі чалавек браў проста фота з інтэрнэту і спадзяваўся атрымаць выплату, а прагаварыць, дзе яго затрымалі, не мог», – сказаў кіраўнік ByHelp.
Таксама ў кампаніі ёсць вялікая база ад валанцёраў ізалятараў на Акрэсціна ў Менску і ў Жодзіне. Таму ёсць вялікая верагоднасць таго, што людзі, якія выходзілі адтуль, зарэгістраваныя ў гэтых спісах.
«Нават калі няма доказаў, але чалавек ёсць у базе валанцёраў, то тады мы верым у гэтую гісторыю», – адзначыў Аляксей Лявончык.
Каб падацца на атрыманне дапамогі, пацярпелы павінен запоўніць форму па адрасе http://bit.ly/byhelpme. З ім пасля павінны звязацца.
Зараз у працы знаходзіцца каля 1100 заявак з больш як 3000 пададзеных. У дзень разглядаецца ад 100 да 200 заявак. Таму, мяркуе Аляксей Лявончык, на тое, каб усе астатнія наяўныя заяўкі пайшлі ў працы і з пацярпелым звязаліся валанцёры, сыдзе каля двух тыдняў.
А з моманту разгляду заяўкі да моманту выплаты мінае каля 10 дзён. У некаторых пільных момантах людзі могуць атрымаць выплаты хутчэй.
«Мы пашырылі каманду, але зараз хутчэй справа будзе не ў апрацоўцы заявак, а ў тым, што Facebook яшчэ ўсю суму не вывеў», – заявіў суразмоўца.
Таксама, паводле яго, некаторыя рэчы трэба плаціць наяўнымі з Беларусі, «а гэта асобная лагістычная задачка».
За час пратэстаў, паводле МУС, затрымалі каля 7000 асобаў.
Максім Гацак belsat.eu