Махавік рэпрэсіяў рэжыму супраць беларусаў не спыняецца. Аднак сёння ёсць і добрыя навіны.
Рэйд у Гомлі
Гомельскія сілавікі з дапамогай АМАП і атраду спецпрызначэння «Буран» затрымалі чацвярых чалавек. Сцвярджаецца, што ў дачыненні да іх праводзіцца праверка ў рамках КаАП і Крымінальнага кодэксу.
На «пакаянным» відэа адзін з мужчын кажа, што быў затрыманы і «прыцягнуты да адказнасці» за падпіскі на рэсурсы. Другі «прызнаецца» на камеру, што ў 2020 годзе ездзіў па вуліцы Савецкай у Гомлі з бел-чырвона-белым сцягам. Яшчэ адзін затрыманы паведамляе, што ён родам са Светлагорску, у сацсетцы «лайкнуў звесткі, якія ганьбілі» Аляксандра Лукашэнку. Па словах чацвёртага затрыманага, ён жыве ў Гомлі. Мужчына гаворыць на камеру аб падпісцы і адпраўленай у чат спасылцы.
Маладога біёлага судзяць за фінансаванне «экстрэмізму»
Працэс над Валерыем Залівакам пачаўся сёння ў Менскім гарадскім судзе. Валерыю Заліваку 32 гады. Ён мянчук. Невядома, калі яго затрымалі, але онлайн у сацсетках у апошні раз Валерый быў напрыканцы студзеня.
Суд над ім пачаўся сёння. Заліваку абвінавачваюць па двух артыкулах – 361-2 КК РБ («Фінансаванне экстрэмісцкага фармавання») і ч. 1 арт. 361-2 КК РБ («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»). Яму пагражае да пяці гадоў калоніі.
У Дуброўне за адзін рэпост на суткі адправілі інжынера ільнозаводу
У пачатку красавіка сілавікі правялі рэйд у Дуброўне: за падпіскі і рэпосты арыштавалі не менш за чатыры чалавекі. Сярод іх быў Андрэй Марачаў – інжынер-механік Дубровенскага ільнозаводу, які працуе на прадпрыемстве больш за 20 гадоў.
Марачаў неаднаразова атрымліваў граматы і падзякі ад кіраўніцтва і чыноўнікаў. У яго ёсць ганаровыя граматы ад Мінсельгасхарча і Камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкаму, паведамляе «Віцебск, я гуляю».
Інжынера затрымалі за рэпост у «Аднакласніках». Ён атрымаў трое сутак арышту. Акрамя таго, у яго канфіскавалі сістэмны блок.
Зняволены відэааператар Вячаслаў Лазараў у калоніі захварэў на пнеўманію
Зняволены відэаператар Вячаслаў Лазараў у калоніі хварэў на пнеўманію, а зараз, верагодна, трапіў у штрафны ізалятар. Пра гэта паведаміў праваабаронца Павел Левінаў, які даведаўся пра навіны палітзняволенага віцебскага журналіста Вячаслава Лазарава з асабістых крыніц, піша БАЖ.
Вячаслаў ляжаў у лякарні, цяпер хвароба адступіла, ён пачуваецца лепей, настрой у яго бадзёры, – распавёў праваабаронца. – Аднак ёсць і не такія добрыя навіны: верагодна, што з 11 красавіка яго накіравалі ў штрафны ізалятар. За якія правіны і на які тэрмін, невядома».
Затрыманні за 2020 год
У Менску затрымалі хлопца за тое, што ў жніўні 2020-га «стаяў на барыкадзе». Што яму пагражае і дзе ён знаходзіцца, пакуль невядома.
Сілавікі апублікавалі відэа затрымання менчука. На ім ён кажа, што «удзельнічаў у масавых беспарадках каля гандлёвага цэнтру «Рыга» па вуліцы Сурганава, стаяў на барыкадзе і трапіў на фотаздымак».
Маюцца на ўвазе паслявыбарчыя пратэсты, калі ў розных раёнах сталіцы былі пабудаваныя барыкады, адбываліся сутыкненні з сілавікамі. ГУБАЗіК называе пратэсты каля «Рыгі» «эпіцэнтрам масавых беспарадкаў».
Але ёсць сёння і добрыя навіны.
На волю выйшлі тры палітвязні, асуджаныя за пратэсты жніўня 2020-га ў Берасці. Яны цалкам адбылі свае тэрміны, паведамляюць праваабаронцы. Андрэй Тарасавец, Максім Імхавік і Іван Пацяйчук былі за кратамі з ліпеня 2021 года.
Палітвязняў асудзілі 12 ліпеня 2021 года да трох гадоў калоніі па справе аб «масавых беспарадках» у Берасці 10 жніўня 2020-га. Пасля прысуду хлопцаў узялі пад варту ў зале суда. На момант прысуду Імхавік і Пацяйчук былі непаўнагадовыя, таму адбывалі пакаранне ў бабруйскай выхаваўчай калоніі.
Панк-спявачка з Мазыра і экс-палітзняволеная Крысціна Чаранкова паспяхова эвакуяваная з Беларусі і знаходзіцца ў бяспецы. Пра гэта напісаў у сацсетках кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.
«Актывістка адбыла ўвесь тэрмін зняволення і была эвакуяваная з Беларусі праз пагрозу паўторнага пераследу», – паведаміў Стрыжак. Ён не ўдакладніў, калі менавіта і ў якую краіну выехала экс-палітзняволеная.
У 2022 годзе Крысціну Чаранкову асудзілі на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму за выказванні ў сацсетках пра сілавікоў. Акрамя таго пасля расейскага ўварвання ва Украіну дзяўчына публікавала антываенныя пасты.
Хрысціянскі прапаведнік і актывіст Сяргей Мельянец змог выехаць з Беларусі разам з жонкай і 7 дзецьмі. Пра гэта ён напісаў у Facebook. Гэтай вясной хрысціянскі прапаведнік, паэт, выканаўца аўтарскай песні, шматдзетны бацька правёў 25 сутак на Акрэсціна.
«Раней, на пытанне «Як справы?» адказваў «Яшчэ жывы, яшчэ на волі». Цяпер сітуацыя змянілася – я ўжо на волі, – піша Мельянец. – Здарыўся цуд – па малітвах родных і сяброў мяне выпусцілі з турмы на Акрэсціна, дзе правёў 25 сутак. Прыйшлося тэрмінова з’язджаць з краіны…».
Сяргей Мельянец просіць у тых, у каго ёсць магчымасць, дапамагчы яго сямʼі, якая апынулася на чужыне.
Ася Саковіч belsat.eu