На беларуска-расейскай мяжы невядомыя падпалілі рэлейныя шафы


Увечары 17 красавіка на 466 кіламетры Маскоўскай чыгункі былі падпаленыя і цалкам выгарэлі дзве рэлейныя шафы, паведамляе расейскае выданне ASTRA. 

Дзве рэлейныя шафы згарэлі паміж станцыям Чырвонае і Гусіна ў Смаленскай вобласці побач з беларускай мяжой. Яшчэ адзін быў узламаны. Хто пашкодзіў шафы – невядома.

Мапа з пазначэннем месца, дзе 17 красавіка былі падпаленыя рэлейныя шафы.
Крыніца: ASTRA / Telegram

У выніку падпалу быў затрыманы рух пасажырскіх цягнікоў.

Шэраг падпалаў рэлейных шафаў на чыгунцы адбыўся ў Расеі ў 2022 і 2023 гадах. У сакавіку 2024 года быў вынесены вырак чатыром абвінавачаных у падпалах на чыгунцы ў Пензенскай вобласці. Сярод асуджаных быў 17-гадовы падлетак – ён атрымаў 8 гадоў пазбаўлення волі. Астатнія трое – па 11 гадоў турмы.

«Рэйкавая вайна» пачалася таксама ў Беларусі праз некалькі дзён пасля ўварвання Расеі ва Украіну. У першыя дні вайны расейскія войскі наступалі ў тым ліку з беларускай тэрыторыі, і пашкоджанне чыгуначнай інфраструктуры перашкаджала лагістыцы агрэсараў.

Беларус беларусу
Як пачалася рэйкавая вайна ў Беларусі
2023.11.03 16:00

Партызаны спальвалі рэлейныя шафы, праз што пераставала дзеяць сістэма сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання. У выніку чыгуначнікі «слеплі»: на пультах кіравання не было відаць, дзе цягнікі, і рух на пэўных адцінках прыпыняўся.

Пасля некалькіх дыверсіяў гэтыя выпадкі пачалі кваліфікаваць як «акты тэрарызму», хаця ў Крымінальным кодэксе ёсць артыкул «Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносінаў». А ў траўні летась у заканадаўства ўнеслі змены, і цяпер не толькі за тэракт, але і за рыхтаванне да яго могуць расстраляць.

Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі асудзілі 13 «рэйкавых партызанаў», агулам яны атрымалі 199 з паловаю гадоў зняволення.

Рэлейная шафа – гэта канструкцыя, прызначаная для размяшчэння ў ёй апаратаў і рэле кіравання сігналізацыяй і блакіроўкай на ўчастках чыгункі.

У выпадку, калі вывесці са строю адну такую шафу, на адным або некалькіх блок-участках (частка чыгуначнага перагону, абмежаваная з двух бакоў святлафорамі або святлафорам і станцыяй; выкарыстоўваецца як сродак сігналізацыі і сувязі) перастане працаваць блакіроўка, а гэта прывядзе да запаволення руху цягнікоў на перагоне.

На рамонт пасля падпалу можа сысці ад некалькіх гадзінаў да содняў – у залежнасці ад таго, як моцна была пашкоджаная шафа, як далёка яна размешчаная ад бліжэйшай буйной станцыі.

Агляд
Прастрэленыя калені і гады зняволення: чым плацяць беларусы ў Беларусі за сваю антываенную пазіцыю
2023.02.24 13:11

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў