Расейцы, імаверна, плануюць атачыць ЗСУ за Аўдзееўкай. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 786-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 19 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія ратавальнікі працуюць у двары жылога дому, пашкоджанага ў выніку ракетнага абстрэлу ў Дняпры, Украіна. 19 красавіка 2024 года.
Фота: Anatolii Stepanov / AFP / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Украіны самым гарачым участкам фронту застаецца так званы торскі выступ на поўначы Данецкай вобласці, дзе ўкраінскія вайскоўцы ўтрымліваюць плацдарм на левым беразе ракі Жарабец.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі чатыры атакі праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Торскае і Ямпалаўка.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што таксама войскі РФ атакавалі каля Цернаў, але былі спыненыя ўдарамі FPV-дронаў ЗСУ.

Акрамя гэтага, паводле крыніцы, на ліманскім кірунку баі ідуць на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва ў Луганскай вобласці, дзе большай ініцыятывай валодаюць украінскі вайскоўцы: адзначаецца, што за апошні тыдзень яны прасунуліся на асобных участках на адлегласць каля 500-700 метраў.

Hавiны
«У Расеі няма дастатковых сілаў». Ва Украіне ацанілі сітуацыю на беларускім напрамку
2024.04.10 15:28

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Северскі Данец)

На поўначы бахмуцкага кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы шэраг разоў атакавалі каля сёлаў Верхнякаменскае і Выемка ў Данецкай вобласці, а таксама каля Белагораўкі на Луганшчыне, але поспеху не дасягнулі.

Разам з тым па-ранейшаму найбольшая актыўнасць Узброеных сілаў РФ лакалізуецца на захадзе і поўдні ад Бахмуту.

Украінскі бок піша пра адбітыя атакі праціўніка каля населеных пунктаў Калінаўка, Часаў Яр, Іванаўскае і Клішчыеўка.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што УС РФ ціснуць на рубяжы Калінаўка – усход Часавага Яру (раён за каналам Северскі Данец – Данбас).

Яшчэ адна прарасейская крыніца – ваенкор Сямён Пегаў – гаворыць, што войскі РФ замацаваліся на раней занятых пазіцыях на ўсходніх ускрайках гораду, і цяпер намагаюцца падраўняць фронт з флангаў.

Праўкраінскі «Говорять Снайпер» не фіксуе прасоўванняў расейцаў, але адзначае захаванне напружанай сітуацыі ў сяле Іванаўскае (на паўднёвым усходзе ад гораду Часаў Яр).

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На захадзе ад Аўдзееўкі ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія цягам апошніх содняў прынамсі 16 разоў атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Новакалінавае, Ачарэтына, Бэрдычы, Первамайскае і Невельскае. Пры гэтым найбольш складаным участкам фронту для ЗСУ застаецца паўночны фланг аўдзееўскага кірунку.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што войскі РФ прасунуліся ў сяле Новакалінавае, таксама працягваюцца баі за электрападстанцыю на ўсходніх ускрайках Ачарэтына, дзе расейцам пакуль не ўдаецца замацавацца.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе, што сяло Новакалінавае УС РФ разлічваюць абысці з поўначы.

Тым часам вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ мяркуюць, што выхад праціўніка да Ачарэтына мае тактычныя прычыны: на захадзе ад Аўдзееўкі ідуць водныя перашкоды ў выглядзе шэрагу вадасховішчаў і ракі Воўча, якія мэтазгодна не штурмаваць у лоб, а абысці цераз вышэйзгаданае сяло. Аналагічныя дзеянні войскаў РФ назіраюцца і на паўднёвым фланзе, дзе яны рухаюцца з боку Первамайскага і Невельскага, абыходзячы Няйталава, да населенага пункту Карлаўна.

У далейшым, абышоўшы водныя перашкоды цераз Ачэрэтына і Карлаўку, Узброеныя сілы РФ плануюць злучыцца і ўзяць у аператыўнае атачэнне групоўку ЗСУ.

Таксама адсюль УС РФ будуць рухацца да сваёй галоўнай мэты на вясну-лета 2024 – да гораду Пакроўск. Адначасова з прасоўваннямі да гэтага населенага пункта пад агнявы кантроль войскаў РФ трапіць траса Канстанцінінаўка – Пакроўск – Вялікая Навасёлка, цераз якую ажыццяўляецца забеспячэнне ўсходняга фронту.

На суседнім навапаўлаўскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы правялі да 20 атак у ваколіцах населеных пунктаў Георгіеўка, Пабеда і Новаміхайлаўка, але поспеху не дасягнулі.

Акрамя гэтага працягваюцца баі на паўднёвым усходзе гораду Краснагораўка ў ваколіцах мясцовай чыгуначнай лініі. Пра істотныя змены лініі сутыкнення не паведамляецца.

Hавiны
Зяленскі заявіў, што без дапамогі ЗША Украіне прыйдзецца адступаць «крок за крокам»
2024.03.30 08:10

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць на так званым урэмеўскім выступе (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў) каля сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае. Тэлеграм-канал расейскіх вайскоўцаў «Воин DV» сцвярджае, што каля Старамаёрскага яны занялі адзін з апорных пунктаў ЗСУ і замацаваліся.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці расейцы ціснуць на выступе па фронце паміж сёламі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў). Канал «Два майора» і ваенкор Пегаў пішуць, што УС РФ зноў прасунуліся на паўночным захадзе ад Вэрбовага.

У Херсонскай вобласці баі лакалізуюцца на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў – у сяле Крынкі і ў ваколіцах Антонаўскага моста. Украінскае камандаванне паведамляе, што за апошні содні сілы абароны Украіны адбілі 11 атак праціўніка.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў