Улады Беларусь рыхтуюць увядзенне чарговага абмежавання правоў і свабодаў грамадзянаў краіны. Пра гэта 23 красавіка паведамілі ў арганізацыі «BELPOL» са спасылкаю на некалькіх надзейных крыніцаў.
Паводле «BELPOL», улады збіраюцца забараніць выезд за межы Беларусі ўсім грамадзянам, якія падлягаюць набору на тэрміновую вайсковую службу – мужчынам у веку ад 18 да 27 гадоў, якія стаяць або абавязаныя стаяць на вайсковым уліку і не ўваходзяць у запас.
Абмежаванне права на выезд будзе ўведзенае аўтаматычна адначасова з публікацыяй адпаведнага ўказу аб правядзенні чарговага набору ў войска. Яно будзе здымацца з заканчэннем мерапрыемстваў набору на тэрміновую вайсковую службу.
З улікам двух вайсковых набораў на год, як адзначылі ў «BELPOL», мужчынам адпаведнага веку выезд за межы Беларусі будзе забаронены цягам васьмі месяцаў на год.
На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 6 красавіка быў афіцыйна апублікаваны закон «Аб змене законаў у пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі». Дакумент змяняе Закон аб абароне, Закон аб вайсковым абавязку і вайсковай службе, Закон аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі, Закон аб ваенным становішчы ды іншыя.
Згодна са зменамі, пра неабходнасць яўкі ў ваенкамат могуць апавяшчаць SMS-паведамленнямі. У выпадку мабілізацыі SMS-позвы будуць абавязковымі, а за няяўку на іх падставе прадугледжваецца пакаранне.
Якуб Хруст belsat.eu