«Белсат» падводзіць вынікі 791-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 24 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё пяці атак праціўніка каля сяла Бераставое на купянскім кірунку, і яшчэ 19 – у ваколіцах населеных пунктаў Грэкаўка, Неўскае, Церны і Ямпалаўка на ліманскім кірунку.
Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» удакладняе, што пад Цернамі – так званы торскі выступ на левым беразе ракі Жарабец на поўначы Данецкай вобласці – войскі РФ пры падтрымцы цяжкай тэхнікі намагаліся высадзіць дэсант, але былі своечасова выяўленыя і разбітыя.
Тым часам у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што на паўночным усходзе Украіны іхныя вайскоўцы занялі больш выгадныя рубяжы ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка і Петрапаўлаўка ў Харкаўскай вобласці і каля Навасёлаўскага і Дзібровы на Луганшчыне.
Акрамя гэтага ў расейскім ведамстве ўзгадваюць няўдалую контратаку ЗСУ побач з Новавадзяным у Луганскай вобласці.
На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія прынамсі 21 раз атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Верхнякаменскае, Спірнае, Часаў Яр, Іванаўскае і Клішчыеўка.
Расейскі ваенкар Сямён Пегаў звяртае ўвагу на тое, што хоць баі на ўсходзе Часавага Яру і працягваюцца, але агулам наступ войскаў РФ на горад «забуксаваў».
Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» звязвае нізкі тэмп прасоўванняў з вялікай колькасцю абарончых збудаванняў ЗСУ і шчыльным мініраваннем ваколіцаў населенага пункту.
Пры гэтым украінскія вайскоўцы пасля перакідання рэзерваў на бахмуцкі кірунак контратакуюць і маюць поспех на поўдні ад Іванаўскага (на паўднёвым усходзе ад Часавага Яру).
«Офіцер» піша, што частка самога сяла па-ранейшаму застаецца пад кантролем Збройных сілаў.
Больш складаная сітуацыя для ЗСУ фіксуецца ў ваколіцах Данецку.
Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што на аўдзееўскім кірунку Узброеныя сілы РФ прасунуліся ў населеных пунктах Ачарэтына, Новабахмутаўка, Новакалінавае, Бэрдычы і Сямёнаўка.
«Офіцер» піша, што пасля прарыву да Ачэрэтына, расейцы спрабуюць расшырыць фронт у бок Новабахмутаўкі, паколькі ўтвораны вузкі клін уразлівы для контратак з флангаў.
Тэлеграм-канал «Белорусский силовик» сцвярджае, што ў Новабахмутаўцы ЗСУ трапілі ў так званы агнявы мяшок, пасля чаго выйшлі з населенага пункту.
Яшчэ адна прарасейская крыніца – канал «Два майора» – паведамляе пра пачатак баёў за сяло Салаўёва (на захадзе ад Новабахмутаўкі).
Генштаб ЗСУ фіксуе атакі праціўніка і ў ваколіцах населеных пунктаў Яснабродаўка, Няйталава, Первамайскае і Невельскае.
У Мінабароны РФ заявілі пра адбіццё шматлікіх контратак украінцаў па ўсёй лініі сутыкнення.
На суседнім навапаўлаўскім кірунку расейцы ціснуць у ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Новаміхайлаўка і Вадзяное.
Тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» сцвярджае, што ў Краснагораўцы УС РФ прасунуліся да цэнтральнай часткі гораду, а таксама зайшлі на тэрыторыю мясцовага цагельнага заводу.
У Deepstate гавораць, што таксама войскі РФ маюць поспех у сяле Георгіеўка.
«Рыбарь» піша, што расейцы, пасля захопу Новаміхайлаўкі, рухаюцца ў бок населеных пунктаў Парасковіеўка і Канстанцінаўка, адначасова з гэтым працягваюцца баі за садовае таварыства «Машынабудаўнік» (на поўначы ад Новаміхайлаўкі).
На бярдзянскім кірунку працягваюцца баі на так званым урэмеўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў.
Украінскае камандаванне паведамляе пра адбіццё шматлікіх атак праціўніка ў ваколіцах сёлаў Ураджайнае і Старамаёрскае.
Тэлеграм-канал расейскіх вайскоўцаў «Воин DV» піша, што самыя ЗСУ атакавалі каля Ураджайнага, але таксама не дасягнулі поспеху.
У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў.
Тэлеграм-канал «Два майора» фіксуе прасоўванні расейцаў на паўночным захадзе ад сяла Вэрбовае. Таксама, паводле крыніцы, УС РФ занялі адзін з апорных пунктаў у суседнім Работыне.
Між тым аналітыкі Deepstate адмаўляюць поспехі войскаў РФ на кірунку.
У Херсонскай вобласці зменаў па лініі сутыкнення не фіксуецца: расейцы па-ранейшаму атакуюць плацдармы ЗСУ на левым беразе Дняпра, але пакуль сілы абароны Украіны ўдала абараняюцца.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu