«Белсат» падводзіць вынікі 763-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 27 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў расейцы атакавалі ў ваколіцах сяла Іванаўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці, але поспеху не дасягнулі.
Большая актыўнасць войскаў РФ назіраецца на суседнім, ліманскім кірунку: тут зафіксавана не менш за 13 атак каля населеных пунктаў Тэрны, Ямпалеўка і Вясёлае на поўначы Данецкай вобласці, а таксама каля Белагораўкі на Луганшчыне.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што пад Тэрнамі ў ЗСУ назіраецца недахоп асабовага складу праз адсутнасць ратацыі, што ў сваю чаргу адмоўна ўплывае на маральна-псіхалагічны стан байцоў.
Між тым праўкраінскі «Офіцер» паведамляе, што расейцы за тры апошнія месяцы так і не змаглі прасунуцца да Тэрнаў і цяпер ужо Збройныя сілы пачалі іх адціскаць назад на ўсход.
Адначасова з гэтым крыніца фіксуе складаную для ўкраінцаў сітуацыю ў Белагораўцы: тут праціўнік знішчае пазіцыі сілаў абароны дзясяткамі FPV-дронаў, актыўна прымяняе і мінамёты – больш за тысячу ўдараў за содні.
На бахмуцкім кірунку ініцыятывай таксама валодаюць Узброеныя сілы РФ, якія наступаюць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру, імкнучыся ў перспектыве выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.
Генштаб ЗСУ піша пра сем безвыніковых атак праціўніка каля населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае і Клішчыеўка.
Разам з тым канал «Два майора» паведамляе, што ўкраінцы паступова рыхтуюцца да адыходу з Багданаўкі. Такім чынам, паводле крыніцы, Збройныя сілы Украіны плануюць скараціць лінію фронту.
Не да канца зразумелай застаецца сітуацыя ў сяле Іванаўскае, пра заняцце якога раней паведамляла Міністэрства абароны РФ. Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што пад кантролем ЗСУ застаецца нейкая частка населенага пункту.
Канал «НгП раZVедка» паведамляе, што Збройныя сілы Украіны некалькі апошніх дзён контратакавалі ў сяле, але ў выніку былі разбітыя, і цяпер уцалелыя байцы спрабуюць эвакуявацца.
Яшчэ адна прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Romanov Лайт» – сцвярджае, што УС РФ кантралююць толькі палову Іванаўскага.
У суседнім сяле Клішчыеўка, паводле расейскага ваенкара Сямёна Пегава, баі маюць сустрэчны характар. Праўкраінскі «Бахмутський Балу» піша, што тут войскі РФ праводзяць так званыя мясныя штурмы і агулам сітуацыя нагадвае штурм Бахмуту.
На аўдзееўскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца на захадзе ад аднайменнага гораду ў ваколіцах населеных пунктаў Бэрдычы, Сямёнаўка, Невельскае і Первамайскае.
Пегаў гаворыць, што на ўсім кірунку ЗСУ актыўна контратакуюць, таму прасоўванні войскам РФ даюцца з вялікімі цяжкасцямі.
Між тым «НгП раZVедка» сцвярджае, што войскі РФ выбілі сілы абароны Украіны з некалькіх дамоў на поўдні Сямёнаўкі і замацаваліся на новых пазіцыях.
У сваю чаргу «Офіцер» піша, што ЗСУ стабілізавалі сітуацыю на кірунку, а таксама самыя прасунуліся на асобных участках.
На навапаўлаўскім кірунку асноўная наступальная актыўнасць Узброеных сілаў РФ засяроджаная ў ваколіцах сёлаў Георгіеўка і Новамыхайлаўка: Генштаб ЗСУ паведамляе, што тут цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі больш за 20 атак праціўніка.
Пры гэтым прарасейскія крыніцы сцвярджаюць, што УС РФ паступова развіваюць поспех у Новамыхайлаўцы.
На паўднёвым захадзе Данецкай вобласці расейцы ціснуць у ваколіцах сёлаў Уражайнае і Старамаёрскае, імкнучыся развіць нядаўні поспех, але пакуль лінія сутыкнення застаецца нязменнай.
У Мінабароны РФ заявілі, што на гэтым жа ўчастку фронту тройчы контратакавалі, але таксама не змаглі прасунуцца.
У Запарожскай вобласці баі лакалізуюцца на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў паміж сёламі Вэрбовае і Работына.
Канал «Два майора» фіксуе прасоўванні УС РФ у Работыне. «Говорять Снайпер» піша, што расейцы занялі адну з пазіцыяў на паўночным захадзе ад Вэрбовага. ЗСУ намагаюцца адбіць страчаныя пазіцыі.
У Херсонскай вобласці Узброеныя сілы РФ тройчы атакавалі ў сяле Крынкі на левым беразе Дняпра, але так і не здолелі выбіць украінцаў з занятага плацдарму.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu