12-гадовы беларускі футбаліст Аляксей Маёраў сабраўся перайсці ў мадрыдскі «Рэал»


Менскі вундэркінд цяпер гуляе за каталонскую «Сэрдэньёлу». Ім цікавіўся «Пары Сэн-Жэрмэ», за яго змагаліся «Барсэлона» і «Рэал Мадрыд». Як піша іспанскае выданне «Marca», хлопец выбраў апошні клуб.

Аляксей Маёраў
Аляксей Маёраў у клубе «Сэрданьёла». 7 верасня 2023 года. Сэрдэньёла-дэль-Вэлес, Іспанія.
Фота: Alexey_fireball / Instagram

Аляксей Маёраў, якому цяпер 12 гадоў, звярнуў на сябе ўвагу аматараў футболу яшчэ ў акадэміі менскага «Дынама». Затым гуляў за дзіцячыя каманды «Менску» і «Спартака», затым з’ехаў у Іспанію, гуляў у «Эспаньёле», перайшоў у «Сэрданьёлу» і гуляе там у футбол-7 (варыяцыю міні-футболу). У лютым ён (а дакладней, ягоны законны прадстаўнік) заключыў кантракт з брэндам «Adidas».

Хоць ён гуляе не за дарослыя каманды ў вялікім футболе, ім ужо цікавяцца дарослыя топавыя клубы. Паводле «Marca», сям’ю хлопца ўсімі сіламі ўгаворвала перавесці вундэркінда да сябе «Барсэлона», але хлопец выбраў мадрыдскі «Рэал», ягонае атачэнне заявіла аб тым жа. Раней казалі, што «Рэал» гатовы заплаціць за пераход 120 тысяч еўра.

Футбольная агентка раней расказвала, што Аляксей Маёраў мог бы адразу трэнавацца ў акадэміі «Барсэлоны», але праз праблемы з дакументамі мусіў застацца ў клубе ніжэй рангам. Цяпер, запэўнівае «Marca», трансфер можа адбыцца без праблемаў.

Так ці іначай, Маёрава яшчэ трэба пачакаць у дарослым футболе. Наймаладзейшы гулец, які выходзіў на поле за дарослы клуб іспанскай «La Liga», меў узрост 15 гадоў і атрымліваў спецыяльны дазвол. Хаця ў іншых лігах гулялі за дарослыя каманды і маладзейшыя – напрыклад, у амерыканскай USL (другая ліга ЗША) на поле выходзіў 13-гадовы.

Аб’ектыў
Футбалістам «Слуцку» тры месяцы не плацяць заробку
2024.04.18 20:52

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў