Суд у Сербіі 1 красавіка паставіць кропку ў справе беларуса Андрэя Гнёта, якому пагражае экстрадыцыя на радзіму. Ягоныя сябры абвесцілі збор грошай на аплату працы адвакатаў, перадае агенцтва «Позірк».
Рэжысёра Андрэя Гнёта абараняюць чатыры адвакаты, яны працуюць ужо пяты месяц. Бацькі хлопца не маюць магчымасці заплаціць, таму распачаты збор грошай.
Пазасудовая калегія Вышэйшага адміністрацыйнага суда ў Бялградзе 1 красавіка пастановіць, ці выдаваць маладзёна Беларусі. Першае пасяджэнне 26 сакавіка наведалі прадстаўнікі дыппрадстаўніцтваў краінаў ЕЗ і праваабаронцы. Дыпламатаў запрасілі беларускія дэмакратычныя сілы.
Раней кіраўнік НАУ Павел Латушка заклікаў Сербію вызваліць беларуса.
«Калі Сербія сапраўды імкнецца да дэмакратыі, яна павінна разумець, як сёння катуюць і зневажаюць беларускі народ, як у турмах трымаюць тысячы палітычных зняволеных, не менш за пяць з якіх ужо загінулі ў турмах Лукашэнкі. Спадзяюся, што еўрапейская Сербія, якая крочыць на шляху да дэмакратыі і будучага сяброўства ў ЕЗ, пачуе голас еўрапейскіх беларусаў і вызваліць Андрэя Гнёта, закладніка рэжыму Лукашэнкі ў сербскай турме», – сказаў Латушка 21 сакавіка на пікеце каля амбасады Сербіі ў Варшаве.
Рэжысёра Андрэя Гнёта затрымалі ў Сербіі на запыт Інтэрполу яшчэ ў кастрычніку летась. Суд першай інстанцыі пастанавіў экстрадаваць маладзёна ў Беларусь, аднак апеляцыйны суд скасаваў гэтае рашэнне і накіраваў справу на новы разгляд. Увесь гэты час хлопец за кратамі.
Запыт у Інтэрпол на затрыманне Гнёта напісаў пракурор Савецкага раёну Менску Антон Загароўскі – ён ужо 13 гадоў пад санкцыямі ЕЗ. У чорны спіс службоўца залучылі за ўдзел у рэпрэсіях пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе.
Інтэрпол, вядома, не ўдзельнічае ў палітычным пераследзе, таму беларускія сілавікі абвінавацілі рэжысёра ў нейкім эканамічным злачынстве.
Гнёт – беларускі журналіст і рэжысёр, палітычны актывіст. Яго называюць сузаснавальнікам «Свабоднага аб’яднання спартоўцаў SOS-BY», прызнанага «экстрэмісцкім фармаваннем» у 2022 годзе.
Сцяпан Кубік belsat.eu