Суд прыгаварыў менскага ўчастковага да трох гадоў калоніі за тое, што ён афармляў адміністратыўныя справы на людзей, якія не здзяйснялі правапарушэнняў, піша «Зеркало».
Каб палепшыць паказчыкі працы, міліцыянт з Менска вырашыў афармляць адміністратыўныя справы на розных людзей, нават не кажучы ім пра гэта, а пасля закрываў гэтыя справы, выносячы «вінаватым» папярэджанні. Такой схемай міліцыянт карыстаўся даволі доўга. Урэшце справай ужо самога міліцыянта занялося Упраўленне ўласнай бяспекі МУС.
Найчасцей міліцыянт заводзіў справы, якія датычыліся шуму ў кватэрах, а таксама распіцца алкагольных напояў у грамадскіх месцах. Пасля нераскрытая справа афармлялася на меркаванага парушальніка, або міліцыянт «прызначаў» яго сам з ліку тых, хто жыў на ягоным участку. З самімі «парушальнікамі» міліцыянт не звязваўся і ніякіх акалічнасцяў справы ў іх не высвятляў, а папросту складаў на іх пратаколы апытання, тлумачыў ім іхныя правы і абавязкі, часам нават складаў пратаколы апытання выдуманых сведкаў.
Усяго міліцыянт вынес 14 незаконных пастановаў. Калі ягоныя махінацыі высветліліся, то яго звольнілі з органаў і завялі крымінальную справу.
29 сакавіка суд Партызанскага раёна горада Менска вынес прысуд былому міліцыянту. Яго абвінавацілі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі паводле часткі 2 артыкула 426 Крымінальнага кодэксу РБ і прысудзілі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 300 базавых велічыняў (12 00 рублёў), а таксама забаранілі яму займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцыяў прадстаўніка ўлады ў праваахоўных органах, тэрмінам на пяць гадоў.
Раман Шавель belsat.eu