Расейцы развіваюць наступ у ваколіцах Данецку. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 793-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 26 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы 10-й асобнай горна-штурмавой брыгады «Эдэльвейс» запускаюць разведвальны беспілотны лятальны апарат на перадавой у Данецкай вобласці, Украіна. 26 красавіка 2024 года.
Фота: Oleksandr Ratushniak / Reuters / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім кірунку расейскія вайскоўцы цягам апошніх содняў прынамсі 10 разоў атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Кіслоўка і Бераставое ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Стэльмахаўкі ў Луганскай, але поспеху не дасягнулі.

Аналітыкі праекту Deepstate удакладняюць, што на першым участку баі ідуць у самім сяле Кіслоўка.

У гэты ж час у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы занялі больш выгадныя рубяжы каля сяла Баравая на Харкаўшчыне (на паўднёвым захадзе ад Стэльмахаўкі).

На ліманскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы правялі не менш за 20 безвыніковых атак каля Дружалюбаўкі ў Харкаўскай вобласці, у ваколіцах Макееўкі на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва на Луганшчыне, а таксама каля Торскага, Цернаў і Зарэчнага на поўначы Данецкай вобласці.

Самыя ЗСУ атакавалі каля сяла Невельскае на Данеччыне, але таксама прасунуцца не здолелі.

Агулам на паўночным усходзе Украіны назіраецца павелічэнне наступальнай актыўнасці Узброеных сілаў РФ.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Северскі Данец)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія наступаюць на поўначы ад раённага цэнтру каля населеных пунктаў Белагораўка, Мікалаеўка, Выемка, Спірнае, а таксама ў ваколіцах гораду Часаў Яр – сам населены пункт і прылеглыя да яго тэрыторыі каля сёлаў Багданаўка, Іванаўскае і Клішчыеўка.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што перакіданне рэзерваў ЗСУ пад Часаў Яр не дало расейцам развіць поспех на ўсходніх ускрайках гораду. Акрамя гэтага свежыя сілы ўкраінцаў прывялі да пачатку сустрэчных баёў на флангах.

Тэлеграм-канал ўкраінскіх вайскоўцаў «Бахмутський Демон» піша, што праз няўдачы на ўсходзе Часавага Яру войскі РФ намагаюцца змяніць кірунак асноўнага ўдару ў абыход гораду да суседняй Канстанцінаўкі.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Найбольш складаная сітуацыя для ЗСУ застаецца на паўночным фланзе аўдзееўскага кірунку, дзе баі лакалізуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Новабахмутаўка, Салаўёва, Ачарэтына, Архангельскае, Керамік і Новакалінавае.

Пегаў сцвярджае, што расейцы выбілі сілы абароны Украіны з паўночных ускрайкаў сяла Ачарэтына, пасля чаго ЗСУ адышлі ў суседняе Архангельскае.

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што цяпер войскі РФ наступаюць у бок апошняга населенага пункту.

Яшчэ адна прарасейская крыніца – канал «Белорусский силовик» – паведамляе, што УС РФ ужо зайшлі на тэрыторыю Архангельскага.

Тэлеграм-канал «Военкор Котенок» фіксуе прасоўванні расейцаў з Ачэрэтына на паўночны захад у бок сяла Новааляксандраўка.

Аналітыкі Deepstate гавораць, што таксама расейцы прасунуліся на поўдні ад раней занятай Новабахмутаўкі, а таксама ў сёлах Салаўёва і Новакалінавае.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што ў ваколіцах сяла Салаўёва ЗСУ намагаюцца стабілізаваць фронт сіламі 47-й брыгады, паколькі далейшы рух расейцаў на гэтым участку пагражае атачэннем групоўцы войскаў каля Бэрдычаў (сяло на паўднёвым усходзе ад Салаўёва).

На навапаўлаўскім кірунку расейцы наступаюць у ваколіцах Краснагораўкі, Пабеды, Новаміхайлаўкі і Вадзянога – не менш за 19 атак за апошнія содні.

Аналітыкі Deepstate фіксуюць прасоўванні войскаў РФ у Краснагораўцы, але ранейшыя паведамленні прарасейскіх крыніцаў пра захоп цагельнага заводу пакуль не пацвярджаюцца.

Вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ пішуць, што расейцы праводзяць генеральны штурм Краснагораўкі, наносячы асноўны ўдар з поўдня гораду ў бок цагельнага заводу. Адначасова з гэтым УС РФ намагаюцца абысці завод з усходняга флангу цераз прыватны сектар, што, у выпадку няўдачы на тэрыторыі самога прадпрыемства, дазволіць атачыць ЗСУ або вымусіць адысці.

Тэлеграм-канал «Военкор Котенок» сцвярджае, што далей на поўдзень па лініі сутыкнення расейцы прасунуліся з боку раней занятай Новаміхайлаўкі да суседняй Парасковіеўкі. Цяпер, паводле крыніцы, пад кантролем войскаў РФ знаходзяцца трэцяя частка сяла.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку баявыя дзеянні ідуць на так званым урэмеўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў.

Расейскія вайскоўцы з гэтага ўчастку фронту сцвярджаюць, што цягам содняў ім удалося прасунуцца ў ваколіцах сяла Ураджайнае на адлегласць 200 метраў, а таксама каля суседняга Старамаёрскага – на 100.

У Deepstate пішуць, што цяпер баі ідуць у самім Ураджайным. Нагадаем, абодва населеныя пункты былі вызваленыя ЗСУ падчас контрнаступу летам 2023 года.

У Запарожскай вобласці захоўваецца актыўнасць Узброеных сілаў РФ на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў, але істотных зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

Тэлеграм-канал «Два майора» звяртае ўвагу на няўдачы і вялікія страты расейцаў у сяле Работына, якое ўжо на працягу многіх месяцаў штурмуецца з больш нізкай паўднёвай часткі без спробаў флангавых манеўраў.

Нязменнай застаецца сітуацыя і ў Херсонскай вобласці, дзе расейцы безвынікова намагаюцца выбіць сілы абароны Украіны з плацдармаў на левым беразе Дняпра ў ваколіцах Антонаўскага моста і ў сяле Крынкі. Генштаб ЗСУ паведамляе пра тры адбітыя атакі праціўніка за апошнія содні.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў